Лідары амаль усіх штатаў і тэрыторый Аўстраліі падпісалі дэкларацыю ў падтрымку пераўтварэння краіны з парламенцкай манархіі ў рэспубліку.
Адзіным, хто адмовіўся паставіць свой подпіс пад гэтым дакументам, стаў кіраўнік штата Заходняя Аўстралія Колін Барнет. На яго думку, Аўстралія ў будучыні павінна стаць рэспублікай, але час для гэтага яшчэ не прыйшоў.
Петыцыя была арганізавана Рэспубліканскім рухам Аўстраліі, які дамагаецца ўнясення змяненняў у аўстралійскую канстытуцыю з тым, каб брытанская каралева Елізавета II перастала лічыцца кіраўніком дзяржавы.
Як адзначыў старшыня Рэспубліканскага руху Аўстраліі Пітэр Фіцсіманс, усе аўстралійскія лідары, уключаючы прэм'ер-міністра Малкольма Тэрнбула і лідара апазіцыі Біла Шортэна, падтрымалі разрыў з манархіяй.
У той жа час прыхільнікі захавання манархічнага статусу Аўстраліі сцвярджаюць, што ў палітыкаў-«рэспубліканцаў» пакуль няма выразнай дзяржаўнай мадэлі, якая б замяніла існуючую сістэму.
Зараз кіраўніком дзяржавы ў Аўстраліі афіцыйна лічыцца каралева Вялікабрытаніі Елізавета II, прадстаўніком якой з'яўляецца генерал-губернатар.
На рэферэндуме 1999 аўстралійцы прагаласавалі супраць пераўтварэння краіны ў рэспубліку. У той час цяперашні прэм'ер Малькальм Тэрнбул быў кіраўніком рэспубліканскага руху.
Аднак пасля прыходу да ўлады Тэрнбул выказаўся супраць змены дзяржаўнага ладу Аўстраліі, пакуль Елізавета II знаходзіцца на брытанскім троне.