Вышэйшы адміністрацыйны суд пацвердзіў законнасць забароны Камуністычнай партыі Украіны (КПУ), паведамляе прэс-служба Міністэрства юстыцыі Украіны.

Як адзначаюць у ведамстве, Вышэйшы адміністрацыйны суд Украіны адмовіў у адкрыцці касацыйнай справы па касацыйнай скарзе КПУ, якая ў судовым парадку спрабавала аспрэчыць Прававое заключэнне Камісіі па пытаннях выканання закона Украіны «Аб асуджэнні камуністычнага і нацыянал-сацыялістычнага (нацысцкага) таталітарных рэжымаў ва Украіне і забароне прапаганды іх сімволікі».

«Дадзенае заключэнне выявіла неадпаведнасць дзейнасці, назвы і сімволікі Камуністычнай партыі Украіны патрабаванням украінскага заканадаўства», — гаворыцца ў паведамленні.

Вышэйшы адміністрацыйны суд пастанавіў, што «касацыйная скарга з'яўляецца неабгрунтаванай, а выкладзеныя ў ёй довады не выклікаюць неабходнасці праверкі матэрыялаў справы, паколькі заяўнік не прыводзіць падстаў, якія дазваляюць лічыць, што суд няправільна ўжыў нормы матэрыяльнага або працэсуальнага права».

Гэтая пастанова Вышэйшага адміністрацыйнага суда Украіны абскарджанню не падлягае.

Такім чынам, адміністрацыйныя суды прыйшлі да высновы, што довады прадстаўнікоў і адвакатаў Камуністычнай партыі Украіны не з'яўляюцца абгрунтаванымі, г.зн. канчаткова пацвердзілі правамернасць вышэйпаказанага Прававога заключэння і адпаведна забароны КПУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?