У адказ на артыкул Змітра Панкаўца пра душэўны адпачынак у Партугаліі прыйшоў цікавы каментар з заўвагамі ад карыстальніка пад нікам «Глеб з Алгарвэ». Вось што ён піша:

«1. Украінцаў тут ведаюць ці не лепей як расейцаў (ну, хіба толькі калі па дарагіх рэстарацыях хадзіць, там больш ведаюць менавіта расейцаў. Па пэўных падліках (няма дакладных крытэрыяў, таму нельга казаць напэўна), украінцаў тут каля 100 000 (гэта насельніцтва Брагі ці Салігорска). А ўсіх выхадцаў з былога СССР тут называюць Os Lestes («усходнікі»). Зрэшты, тут усе еўрапейцы — усходнікі.

2. Вельмі раю наведаць мыс Саў Вінсэнт, які тут называюць «край свету», Гэтае месца менш раскручанае як Кабу да Рока, але гэта сапраўды месца, якое рымляне ўважалі за канец тагачаснага вядомага свету.

3. Акіян тут сапраўды не такі цёплы, як Міжземнае мора. Але ў нас у Алгарвэ купаюцца ад красавіка ажно да канца лістапада, Так што завітайце да нас у Албуфейру.

Алгарвэ, фота lonelyplanet.com

Алгарвэ, фота lonelyplanet.com

4. Мой 16-гадовы сын аднойчы, паблукаўшы па партугальскіх вулачках, сказаў, што, у адрозненне ад нават Варшавы ды Вільні, тут не адчуваецца «савок».

5. Нягледзячы на пракамуністычныя сімвалы, Партугалія значна больш «правая» краіна, чым, напрыклад, Францыя ці нават Нямеччына. Учора акурат выбралі прэзідэнтам прадстаўніка правых сіл. Што цікава, было 10 кандыдатаў (згадайма 2010 ў Беларусі), нікога не арыштавалі, а прэм'ер-міністр, прадстаўнік левай Сацыялістычнай партыі Антоніу Кошта сказаў: «Ад сёння Марсэлу Рэбэлу де Соўза — мой прэзідэнт». Еўрапейскасць і культура;-)

6. Дарэчы, правая партыя, якая да кастрычніка 2015 была кіруючай, называецца Сацыял-дэмакратычная партыя, Вось такія правыя сацыял-дэмакраты.

7. Цікавы быў каментар пра адносіны гішпанцаў і партугальцаў. Лепш параўнаць гэтыя два народы не з расейцамі і беларусамі, а з расейцамі і ўкраінцамі. Партугалія была нейкі час у складзе Гішпаніі, але вырвалася з «братэрскіх абдымкаў», за што гішпанцы перарэзалі партугалам выхад на рэшту Еўропы па сушы. Гэта вымусіла партугалаў даследаваць марскія шляхі. Партугалы называюць гішпаньскую мову «клоўнскай партугальскай», а гішпаны — Партугалію «гэтай калоніяй». Тым не менш, гішпаны прыязджаюць з сваёй Гішпаніі, дзе свой акіян і мора, менавіта ў Партугалію, не толькі таму, што тут танней, але тут і ежа больш якасная.

Завітайце да нас. Bem-vindo!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0