Ідэя сыходзіць ад намесьніка старшыні БСДП Ігара Рынкевіча. Тэкст пачынаецца з словаў «Мы, беларусы, з імем‑літвою», а згадцы пра «народаў братэрскі саюз» у тэксьце Рынкевіча адпавядае «Славім у Сьвеце Старым Еўразьвяз». Адным словам, жэсьць!

Намеснік старшыні Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч прапануе аб’явіць конкурс на назву марша для масавых шэсцяў дэмакратычных сіл і на напісанне музыкі да яго.

Як паведаміў БелаПАН І.Рынкевіч, год таму, падчас сустрэчы з Аляксандра Казуліна ў віцебскай калоніі, яны абмяркоўвалі падрыхтоўку да «Чарнобыльскага шляху — 2007». «На гэтым спатканні ўзнікла ідэя аб стварэнні тэкста марша з адпаведнай музыкай для масавых шэсцяў дэмакратычных сіл. Дапамагчы ў гэтай творчай справе браўся Яўген Будзінас, але хутка пісьменнік памёр», — сказаў І. Рынкевіч.

«Зараз іншы, блізкі да сацыял‑дэмакратаў, якіх узначальвае А. Казулін, аўтар закончыў напісанне тэксту марша. Аўтар — вядомы ў краіне паэт, але ён працуе і не хоча непрыемнасцей у выпадку таго, калі гэты тэкст разыдзецца ў масах. Таму ён пажадаў захаваць канфідэнцыяльнасць. Тэкст ёсць, і сёння, 9 красавіка, я прэзентую яго калегам на пасяджэнні прэзідыума Палітрады АДС, а на наступны дзень — аргкамітэта па правядзенні ў гэтым годзе «Чарнобыльскага шляху», — сказаў І. Рынкевіч.

Каментуючы абвяшчэнне конкурсу, І. Рынкевіч падкрэсліў

«Верш, што зараз прапануецца, не прэтэндуе стаць новым гімнам краіны. Але ён прыкметна добра кладзецца на музыку сённяшняга афіцыйнага гімна, словы якога ні дзяржаўныя дзеячы, ні спартоўцы, ні іншыя беларускія грамадзяне так і не захацелі вывучыць. Рытм марша, каб крочыць дэмакратычным сілам на сваіх шэсцях, канешне, павінен стаць больш хуткім».

МАРШ

1.

Мы, беларусы, з імем‑літвою
Меч уздымалі на крыжакоў.
Неслі харугвы за мову і волю
З цёмных стагоддзяў да светлых вякоў.

Прыпеў:

Помнім гісторыі слаўныя даты.
Славім у Свеце Старым Еўразвяз.
Верым: сузор’е ўзыдзе з‑за кратаў,
Зоркі Еўропы заззяюць для нас.

2.

Мы, беларусы, і землі‑суседкі
У Паспалітай Рэчы жылі.
Нашы палацы, дзяржавы той сведкі,
Пад паланез у нябёсы пайшлі.

Прыпеў.

3.

Мы, беларусы, днём сакавіцкім
Вольным назвалі родны наш край.
Божа Магутны, Ліцвінскі, Крывіцкі,
Продкаву веру і сілу нам дай!

Прыпеў.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0