26 студзеня ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» (партал TUT.BY) накіравала зварот начальніку ГУУС Аляксандру Барсукову і пракурору Мінска Сяргею Хмаруку ў сувязі з затрыманнем і збіццём журналіста Паўла Дабравольскага супрацоўнікамі АМАПа.

Журналіст TUT.BY быў затрыманы і збіты супрацоўнікамі АМАПа ў будынку суда Фрунзенскага раёна Мінска, дзе ён знаходзіўся па заданні рэдакцыі — асвятляў ход судовага працэсу па «справе графіцістаў». Калі двух актывістаў вывелі з залы суда супрацоўнікі АМАПа, Павел пайшоў за імі, фіксуючы тое, што адбываецца, на камеру мабільнага тэлефона. У звароце падкрэсліваецца, што Павел меў журналісцкае пасведчанне, быў акрэдытаваны для асвятлення судовага працэсу.

«У адпаведнасці з арт. 34 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» ў сувязі з ажыццяўленнем прафесійных абавязкаў журналіст мае права збіраць, запытваць і атрымліваць інфармацыю з дзяржаўных органаў, прысутнічаць у раёнах узброеных канфліктаў ці надзвычайных сітуацый, на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю.

У адпаведнасці з арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» незаконнае абмежаванне свабоды масавай інфармацыі не дапускаецца. Ажыццяўляць відэаздымку ў калідоры суда, у месцы, даступным для масавага наведвання, заканадаўствам не забаронена», — нагадваюць супрацоўнікі TUT.BY.

З боку работнікаў органаў унутраных спраў, якія праводзілі затрыманне актывістаў, лічаць на TUT.BY, былі ўчыненыя дзеянні, якія груба парушаюць закон. Па словах Паўла, супрацоўнікі АМАПа павалілі яго і двух затрыманых на падлогу, сталі збіваць нагамі, а потым на працягу 20 хвілін прымушалі ляжаць на падлозе, зневажаючы і абражаючы.

«Аргументы, якія прыводзяцца цяпер прэс-службай ГУУС, аб нібы супраціве супрацоўнікам міліцыі, які яны вымушаныя былі спыніць з ужываннем фізічнай сілы, не вытрымліваюць ніякай крытыкі: немагчыма сабе ўявіць, каб пры затрыманні двое хлопцаў-актывістаў і тым больш не зацікаўлены ў зыходзе справы журналіст сталі б кідацца на прафесійных супрацоўнікаў АМАПа, якія ў некалькі разоў пераўзыходзяць іх колькасцю і фізічнай сілай, прычым (мяркуючы па характары нанесеных ім цялесных пашкоджанняў) шматкроць. Сведкі, якія знаходзіліся ў зале суда, чулі гукі збіцця на працягу доўгага часу. Аб збіцці кажуць і сляды збіцця, тыя, што засталіся на целе нашага журналіста», — гаворыцца ў дакуменце.

Супрацоўнікі партала таксама звяртаюць увагу на абставіны, пры якіх праходзіў суд над самім Паўлам: «Суд прыняў пастанову, грунтуючыся выключна на «сведкавых паказаннях» супрацоўнікаў АМАПа, якія рабілі незаконнае затрыманне і збіццё журналіста». Нагадаем, пасля збіцця ў будынку суда Фрунзенскага раёна Паўла і двух актывістаў павезлі ў РУУС Фрунзенскага раёна Мінска, дзе затрыманыя правялі тры гадзіны, затым іх зноў адвезлі ў суд Фрунзенскага раёна і асудзілі па арт. 17.1 КаАП «Нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы» і па арт. 23.4 КаАП «Непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы». Паўла Дабравольскага прысудзілі да штрафу ў 45 базавых велічынь — 9 450 000 беларускіх рублёў.

«Мы абураныя паводзінамі і дзеяннямі супрацоўнікаў АМАПа. Перакананыя, што ніхто не мае права перашкаджаць ажыццяўленню прафесійнай дзейнасці журналіста і, тым больш, прымяняць гвалт. Яшчэ больш абуральна, калі такія выпадкі адбываюцца не ў зоне узброеных канфліктаў, не на масавых акцыях. У будынку суду — месцы, дзе павінна вяршыцца правасуддзе, — дзеецца беззаконне і бязмежжа», — гаворыцца ў звароце TUT.BY.

У ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» мяркуюць, што ў дзеяннях супрацоўнікаў праваахоўных органаў утрымліваюцца прыкметы як мінімум двух злачынстваў, прадугледжаных арт. 198 КК Рэспублікі Беларусь «Перашкаджэнне законнай прафесійнай дзейнасці журналіста» і арт. 426 КК Рэспублікі Беларусь «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў».

Павел Дабравольскі ўжо звярнуўся з заявай аб супрацьпраўных дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі ў Фрунзенскі раённы аддзел Следчага камітэта, а таксама прайшоў працэдуру зняцця збіцця.

«Улічваючы асаблівую грамадскую значнасць захавання законнасці з боку супрацоўнікаў органаў правапарадку, а таксама забеспячэння свабоды слова як аднаго з асноўных правоў чалавека ў цывілізаваным грамадстве, просім старанна разабрацца ў абставінах дадзенай справы і прыцягнуць вінаватых да адказнасці», — гаворыцца ў звароце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?