Грамадскі актывіст Павел Сяргей у найбліжэйшыя дні мае намер напісаць заяву ў міліцыю па факце яго збівання 25 студзеня ў будынку суда, дзе разглядалася «справа графіцістаў». Пра гэта ён паведаміў БелаПАН.

Нагадаем, інцыдэнт адбыўся падчас суда па рэзананснай «справе графіцістаў». У пачатку працэсу Павел Сяргей і Максім Шыцік разгарнулі ў зале суда транспарант з надпісам «Не палітычным пераследам» і скандавалі: «Мастацтва не злачынства!» Па патрабаванні суддзі Алы Скуратовіч супрацоўнікі міліцыі вывелі іх з залы з прымяненнем грубай сілы.

Тое, што адбывалася ўжо за межамі залы суда, на тэлефон пачаў здымаць журналіст tut.by Павел Дабравольскі. Як потым распавялі яго калегі, ён «патрапіў пад раздачу», яго, як і актывістаў, збілі ў суседнім памяшканні.

Затрыманых спачатку адвезлі ў Фрунзенскае РУУС, затым вярнулі ў суд. Павел Сяргей і Максім Шыцік былі аштрафаваныя на 50 і 45 базавых велічынь адпаведна (10,5 млн. і 9,45 млн. рублёў) за непавагу да суда і непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы. На 45 базавых велічынь аштрафавалі і Дабравольскага — за нібыта нецэнзурную лаянку і непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы.

Увечары таго ж дня Дабравольскі і Шыцік напісалі заяву аб збіванні ў следчым аддзеле Фрунзенскага РУУС, а 26 студзеня знялі пабоі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз.

Паводле слоў Паўла Сяргея, ён не атрымаў сур`ёзных траўмаў, таму не праходзіў медыцынскі агляд. «У мяне няма відавочных пабояў, як у хлопцаў, таму, нават калі не напішу заяву, у любым выпадку буду сведчыць на іх працэсе», — заявіў ён.

Як распавёў Сяргей, падчас збівання ён паспеў закрыцца рукамі, таму не атрымаў удараў па твары. «У асноўным удары прыпадалі на патыліцу, плечы, потым нас ужо проста штурхалі і хадзілі па нас. Максім Шыцік не паспеў закрыцца і атрымаў удар нагой па твары, што прывяло да рассякання брыва», — адзначыў ён.

Актывіст таксама дадаў, што падчас збівання супрацоўнікі АМАП іх абражалі і выкарыстоўвалі нецэнзурную лексіку.

Паводле слоў Сяргея, у яго і Шыціка няма сродкаў на выплату прызначанага ім штрафу. «10,5 млн., якія мне далі, гэта дзве мае зарплаты прамысловага альпініста. Трэба ўлічваць, што Максім Шыцік наогул беспрацоўны, і мы абодва з горада Маладзечна, які займае першае месца па беспрацоўі ў Беларусі», — растлумачыў актывіст, дадаўшы, што яны ўжо атрымалі прапановы аб дапамозе ў выплаце штрафу ад неабыякавых людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0