37-гадовы ўраджэнец Беларусі Аляксандр Рабікаў прыгавораны ў ЗША да пяці гадоў турмы па абвінавачанні ў махлярстве з вяртаннем падаходнага падатку. Такое рашэнне прыняў федэральны суд Місуры, паведамляе БелаПАН са спасылкай на выданне St. Louis Post-Dispatch

Беларус прызнаны вінаватым у змове з мэтай падачы фальшывых дэкларацый для вяртання падатку ад імя іншых людзей.

Паводле дадзеных следства, Рабікаў узламаў камп`ютарную сістэму адной з фінансавых устаноў Сент-Луіса і атрымаў доступ да асабістых дадзеных яго супрацоўнікаў. Гэтая інфармацыя выкарыстоўвалася для падрыхтоўкі фальшывых падатковых дэкларацый, усе зваротныя выплаты па якіх ажыццяўляліся на рахункі, кантраляваныя Рабікавым і яго саўдзельнікамі, у тым ліку яго сяброўкай, 28-гадовай расіянкай Юліяй Беламытцавай.

Рабікаў прызнаў сваю віну, але сцвярджаў: яму сказалі, што ён атрымлівае «незапатрабаваныя грошы і праблем з-за гэтага не будзе».

Паводле слоў памочніка пракурора Тома Альбуса, ноўтбук Рабікава «быў перапоўнены» інфармацыяй аб персанальных дадзеных іншых людзей. Пракурор таксама паведаміў, што Рабікаў і Беламытцава, якая таксама пасля прызнала сваю віну, спрабавалі знішчыць ноўтбук у разагрэтай духоўцы ў той момант, калі агенты Падатковага ўпраўлення рабілі спробу трапіць у іх дом.

Паведамляецца, што абвінавачваныя спрабавалі атрымаць звыш 400 тысяч долараў, выкарыстоўваючы дадзеныя больш чым 50 чалавек.

Паводле звестак St. Louis Post-Dispatch, у Рабікава быў від на жыхарства ў ЗША, але, хутчэй за ўсё, ён будзе высланы з краіны пасля адбыцця пакарання. Беламытцава знаходзілася ў ЗША па турыстычнай візе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0