Светлагорскі РАСК завёў дзве крымінальныя справы на мужчын, якія кахаліся са школьніцамі, якім не споўнілася 16 гадоў.

Пра асабістае жыццё непаўналетніх стала вядома ад медыкаў, калі дзяўчатам давялося стаць на ўлік па цяжарнасці. Аб такіх выпадках дактары абавязаны паведамляць у інспекцыю па справах непаўналетніх. Далей праводзіцца праверка, вынікі якой перадаюцца ў Следчы камітэт.

З 14-гадовай аднавяскоўкай кахаўся 27-гадовы хлопец. У вёсцы яго паважаюць: «не судзімы, не п'е, ёсць дом, машына, спраўна плаціць аліменты на дзіця ад першага шлюбу…».

Праўда, усё гэта ад крымінальнай адказнасці не вызваляе.

«Нягледзячы на тое, што маці дзяўчынкі была не супраць гэтых адносін, дый мужчына гатовы ажаніцца, заканадаўствам яго дзеянні тлумачацца як злачынства, прычым — цяжкае, — кажа следчая Марыя Саўчанка. — У шлюб уступіць да 16 гадоў дзяўчына не мае права».

За любошчы з асобай, маладзейшай за 16 гадоў, мужчыну пагражае да пяці гадоў турмы.

Аднавяскоўцы абураюцца: «За што яго саджаць? Заканадаўства трэба мяняць. Калі ўсё па каханні ды згодзе, дзеці цяпер сталеюць рана», — цытуе іх светлагорскі сайт Ranak.by.

Цяжарная школьніца расце ў шматдзетнай сям'і, яе маці гадуе дзяцей адна. Да вучобы, кажуць, яна не гарнулася, сябравала са старэйшымі за сябе.

У выніку кахання з непаўналетняй пад крымінальны артыкул трапіў і жыхар горада Светлагорска. У гэтым выпадку дзяўчына таксама зацяжарыла, на момант пастаноўкі на ўлік ёй ужо споўнілася 16, аднак адносіны пачаліся раней, таму хлопец падпадае пад артыкул.

Маладыя людзі некалькі гадоў сустракаліся. Хлопец таксама характарызуецца станоўча. Калі дзяўчыне споўнілася 16, падалі заяву ў ЗАГС… Але што чакае хлопца, шлюб ці турэмны тэрмін, зноў жа вырашыць суд.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?