Полацкі гісторыка‑культурны музей‑запаведнік атрымаў ліст са штаб‑кватэры ЮНЕСКА, у якім пацверджана, што дасье «Матэрыяльнае ўвасабленне духоўнай спадчыны Еўфрасінні Полацкай» на архітэктурныя помнікі найстаражытнейшага горада Беларусі паспяхова прайшло тэхнічную экспэртызу і гатовае дзеля падавання на ўнясенне ў Спіс культурнай і прыроднай спадчыны.

Шанец трапіць у пачэсны шэраг найбольш вядомых аб’ектаў свету атрымалі Спаса‑Прэабражэнская царква Спаса‑Еўфрасіннеўскага манастыра, Сафійскі сабор і тэрыторыі, з якімі звязанае імя вялікай асветніцы.

Калі полацкія святыні ўвойдуць у Спіс ЮНЕСКА, які зараз налічвае больш за 800 славутасцяў, гэта дазволіць значна павялічыць наведвальнасць старажытнай крывіцкай сталіцы замежнымі турыстамі.

На сённяшні дзень з беларускіх аб’ектаў у Спісе ЮНЕСКА знаходзяцца Нясвіжскі замак Радзівілаў, Мірскі замак, знакаміты запаведнік Белавежская пушча (сумесна з Польшчай) і адна з кропак нематэрыяльнага аб’екта Дуга Струвэ.

Алена Грынявіцкая, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0