Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заклікае неабыякавых людзей узяць удзел у акцыі пратэсту супраць гвалту супрацоўнікаў міліцыі над грамадзянамі.

Падставай для гэтага сталася зьбіцьцё супрацоўнікамі міліцыі дваіх грамадзкіх актывістаў і журналіста ў судзе Фрунзенскага раёну Менску падчас судовага працэсу ў справе графіці. Напярэдадні акцыі Анатоль Лябедзька паведаміў Свабодзе пра яе матывы і мэты, а таксама пра тое, хто можа да яе прычыніцца:

«Я не падзяляю магчымых удзельнікаў: журналіст, не журналіст. Гэтаксама як, да прыкладу, быць салідарным з індывідуальнымі прадпрымальнікамі — ня значыць быць гэтым індывідуальным прадпрымальнікам. Тут прынцып такі, што — або ёсьць грамадзянская пазыцыя, або яе няма. Таму спадзяюся, што на пікеце буду не адзін, а калі так, то прыйду і буду чакаць другога.

Гэтым пікетам я стаўлю на мэце дзьве задачы: па-першае, прыцягнуць увагу да праблемы. Гэтае здарэньне са зьбіцьцём сталася грамадзка-рэзанансным таму, што быў зьбіты журналіст — публічная асоба. А ў штодзённым жыцьці — гэта практыка, гэта сыстэма працы ў сілавых структурах. Яна закранае агромністую колькасьць людзей, і я хачу прыцягнуць увагу да гэтай праблемы. А па-другое — трэба супрацьстаяць гэтай практыцы і гэтай сыстэме. Я і сам неаднойчы трапляў у такія сытуацыі. Гэта не мая пэрсанальная крыўда, але я ведаю, што гэта такое і што перажываюць людзі, трапіўшы ў такую сытуацыю. Нават калі ты публічная пэрсона і з табой так абыходзяцца, то што адбываецца з простымі, звычайнымі людзьмі, якія трапляюць пад гэты каток! Гэта наагул страшна.

Таму прапаную ўсім, хто яшчэ не прызвычаіўся, што гэта нармальна — быць бітым і прыніжаным, выйсьці ў суботу, 30 студзеня, у 11:00 да будынку Вярхоўнага Суду. Мой прынцып такі: сказаў — зрабіў».

Старшыня грамадзкай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Бастунец паведаміў Свабодзе, што незалежная журналісцкая арганізацыя не прымала рашэньня адносна ўдзелу альбо няўдзелу ў акцыі пратэсту. Тым часам журналісты распрацавалі адмысловыя звароты ў МУС і ГУУС Менгарвыканкаму, а таксама ў Вярхоўны суд з патрабаваньнямі расьсьледаваць справу зьбіцьця журналіста і грамадзкіх актывістаў і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Калегі зьбітага журналіста таксама зьбіраюць подпісы пад аналягічнымі заявамі на адрас Міністэрства інфармацыі і да генэральнага пракурора Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?