Калі змяненне заканадаўства будзе прынята, швейцарцы атрымаюць права на штомесячны даход у 2500 франкаў (2250 еўра) - незалежна ад таго, працуюць яны ці не. Дзецям будзе выплачвацца па 625 франкаў.
Перавод усіх грамадзян на безумоўны даход абыйдзецца ў 208 млрд франкаў у год. 150 мільярдаў мяркуецца ўзяць з падаткаў, астатнія 55 мільярдаў — з фондаў сацыяльнага страхавання.
***
Ідэя безумоўнага даходу заключаецца ў тым, каб разарваць сувязь паміж занятасцю і дабрабытам. Прыхільнікі гэтага падыходу лічаць, што большасць жыхароў усё роўна працягне працаваць, толькі не на той працы, дзе больш плацяць, а на той, якая ім больш за ўсё пасуе. Акрамя таго, безумоўны даход дазволіць ашчадзіць на адміністраванні шматлікіх датацый бедным — іх адменяць, а замест іх будуць плаціць фіксаваную суму.
Безумоўны даход у апошнія гады абмяркоўваецца ў некалькіх, як правіла, заможных краінах. Эксперымент па выплаце безумоўнага даходу праходзіў у Германіі, а ў Фінляндыі падрабязны праект пераходу на безумоўны даход у 800 еўра будзе прадстаўлены ў 2016 годзе.