Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька выказаўся наконт збіцця журналіста Паўла Дабравольскага ў будынку суда.

Тэма, узнятая ў праграме «Галоўны эфір» на «Беларусь-1», называлася «Асцярожна, правакацыя!».

Генадзь Давыдзька, рэдактар «Савецкай Беларусіі» Павел Якубовіч і кіраўнік БелТА Дзмітрый Жук фактычна сталі на бок міліцыянтаў. Толькі рэдактарка «Комсомольской правды» Галіна Малішэўская даводзіла, што журналіста збіваць нельга.

«Тут падрапанае сцягно, — паказаў Давыдзька фотаздымак збітага Дабравольскага. – І дае інтэрв’ю, што 20 хвілін прафесійныя амонаўцы збівалі… За 20 хвілін гэтая драпіна? Недзе ўжо хлусня прысутнічае. За маленькай хлуснёй заўсёды хаваецца вялікая хлусня».

Давыдзька параўнаў сітуацыю з перадумовамі Майдану: «Мне гэта нагадала Украіну. Калі міліцыя разагнала студэнтаў, а на наступны дзень узняўся агромністы шум: «Яны ж дзеці!» Гэта была правакацыя. У дадзеным выпадку гэта таксама вельмі падобна да правакацыі».

Госць студыі Аляксей Дзермант расказаў, што азнаёміўся з біяграфіяй Дабравольскага. Маўляў, той працаваў ва ўкраінскім СМІ «Новое время» (насамрэч быў на стажыроўцы). У сувязі з гэтым Дзермант абурыўся тым фактам, што такі чалавек, як Павел Дабравольскі, увогуле працуе на партале Tut.by. «Узнікае пытанне да кадравай палітыкі, — заўважыў Дзермант. – Гэта не проста выпадковасць — гэта лінія кіраўніцтва».

Павел Якубовіч заявіў пра непрафесіяналізм Дабравольскага: «Ён падставіў рэдакцыю, ён кінуў цень на карпарацыю. Калі ўсе будуць браць прыклад з такіх людзей, а не нармальных журналістаў – з «Камсамольскай праўды», БелТА, тэлебачання, «Нашай Нівы», «Народнай волі», якія вырашаюць пытанні ў адпаведнасці з законам… Гэта чалавек паставіў сябе па-за законам. Ці можа чалавек заплываць за буйкі толькі таму, што ён журналіст?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?