Беларусь разьмесьціць у Азэрбайджане сваю плятформу па распрацоўцы нафтавых радовішчаў. Пра гэта 9 красавіка ў Менску заявіў журналістам старшыня камісіі па эканамічных пытаньнях парлямэнту Азэрбайджана Зіяд Самедзадэ.

Як паведаміў Самедзадэ, перамовы на гэтую тэму ўжо вядуцца. Азэрбайджан праявіў цікавасьць да беларускіх навуковых распрацовак, якія тычацца нафтаздабычы, а таксама да досьведу па рэфармаваньні эканомікі, адзначыў парлямэнтар.

Па выніках 2007 году Азэрбайджан займае шостае месца ў аб’ёме зьнешняга гандлю Беларусі з краінамі СНД. Узаемны таваразварот за студзень‑люты 2008 году ў параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам вырас у 2,3 раза й склаў 16,9 мільёна даляраў.

Аснову беларускага экспарту ў Азэрбайджан складае прадукцыя машынабудаваньня, дрэваапрацоўкі, прамысловыя спажывецкія тавары, прадукты. У таварнай структуры імпарту з Азэрбайджана пераважаюць сельскагаспадарчая прадукцыя й сыравіна, — паведамляюць «Беларускія навіны».

Візыт парлямэнцкай дэлегацыі Азэрбайджана будзе доўжыцца да 11 красавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0