31 студзеня дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА паведаміла, што кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з адпачынкам у Сочы. Варта адзначыць, што амаль заўсёды цягам года Лукашэнка знаходзіць некалькі магчымасцяў для адпачынку – звычайна ў лютым і верасні. «НН» згадала астатнія месцы адпачынку афіцыйнага лідара Беларусі.

Сочы (Расія)

Самы дарагі курорт Расіі. Адпачываць там камфортна, як зімой, гэтак і летам. Для Лукашэнкі – гэта самы папулярны маршрут, асабліва ў той час, калі можна пакатацца на лыжах. Блізу Сочы ў Краснай Паляне Лукашэнка мае ўласную рэзідэнцыю, якая пабудаваная на тэрыторыі гасцініцы «Беларусь». Пры будаўніцтве былі выселеныя многія жыхары навакольных вёсак. Зусім побач знаходзіцца рэзідэнцыя Уладзіміра Пуціна «Бачараў ручэй».

Вось як апісвала рэзідэнцыю Лукашэнку «Новая газета»: «Перад будынкам - плошча з фантанам, зялёны газон, праз які цягнецца выбрукаваная пліткай дарожка. Непасрэдна да двухпавярховага будынку рэзідэнцыі вядзе мармуровая лесвіца. Такім жа мармурам аздобленыя сцены».

У Красную Паляну Лукашэнка найчасцей прыязджае з вялікай кампаніяй: бізнэсоўцы, чыноўнікі, спартсмены. Раней у Сочы прыязжалі і папулярныя беларускія спявачкі. Часам нават хакейная каманда прэзідэнта таксама «сумяшчала» знаходжанне ў Сочы з адпачынкам Лукашэнкі.

Зэефельд (Аўстрыя)

Самы скандальны адпачынак кіраўніка Беларусі адбыўся зімой 2002, калі ён накіраваўся ў Аўстрыю. Праз восем гадоў была абвешчаная сума адпачынку – 200 тысяч еўра. Прычым фінансавалася паездка ў абыход аўстрыйскаму заканадаўству. Люкс Лукашэнкі каштаваў 700 еўра за суткі. Разам з кіраўніком краіны знаходзілася яшчэ 17 чалавек. Напрыклад, сыны Віктар і Дзмітрый жылі разам у адным нумары. Разам з Лукашэнкам там таксама знаходзіліся доктарка Ірына Абельская, стары сябра Уладзімір Канаплёў, кіраўніца справамі прэзідэнта Галіна Жураўкова, памочнік Уладзімір Макей, прэс-сакратарка Наталля Пяткевіч, ахоўнік Андрэй Уцюрын, спецназавец Мікалай Карпянкоў.

З афіцыйных дакументаў вынікала, што Лукашэнка падчас адпачынку ў Аўстрыі атрымаў невялікую траўму сцягна. Верталёт хуткай дапамогі перавёз прэзідэнта ў мясцовую клініку. Такса за хвіліну палёту: 66 еўра, агулам машына налятала на 7260 еўра. Пасля гэтым адпачынкам яшчэ доўга цікавілася аўстрыйская пракуратура. Справа ў тым, што ўвесь адпачынак Лукашэнку аплочваў тагасны кіраўнік алімпійскага камітэта Аўстрыі Хайнц Юнгвірт.

Замак Брдо (Славенія)

У 2004 годзе прэс-служба Лукашэнкі яшчэ афіцыйна не абвяшчала, што кіраўнік краіны знаходзіцца ў адпачынку. Так да апошняга паездку ў Славенію трымала пад сакрэтам тагачасная прэс-сакратарка Наталля Пяткевіч. У Славенію лідара Беларусі запрасіў бізнэсоўца Янэз Шкрабец, які вёў актыўную дзейнасць на постсавецкай просторы. Замак Брдо – гэта гатэльны комплекс службы дзяржаўнага пратаколу Славеніі, але спыніцца там можа кожны ахвочы. Супрацоўнікі гатэля казалі, што Лукашэнка расплочваўся сам наяўнымі. Прэзідэнцкі нумар там каштаваў 850 даляраў.

Чымбулак (Казахстан)

Напрыканцы 2004 года Аляксандр Лукашэнка тыдзень пракатаўся на лыжах на курорце Чымбулак у Казахстане. «Там лёгка заспець целаахоўнікаў прэзідэнта ў лыжных касцюмах, якія скачваюцца па схілах і прыглядаюць за паводзінамі адпачывальнікаў», — пісала ў тыя дні «Камсамольская праўда». Найхутчэй, што Лукашэнка спыняўся ў гатэлі пры курорце, люкс у ім каштаваў 364 еўра за суткі. Разам з Лукашэнкам у Казахстане адпачывала і хакейная каманда. У таварыскай гульні з ветэранамі Алмааты дружына кіраўніка Беларусі ўзяла верх – 11:4.

Капаонік (Сербія)

Адзін з самых маштабных адпачынкаў Лукашэнка правёў у пачатку сакавіка 2009 года. Як паведамлялі сербскія СМІ, з аэрапорта Ніша да курорта Капаонік беларускую дэлегацыю дастаўлялі 50 аўтамабіляў. А ўсяго эскорт кіраўніка Беларусі складаў 150 чалавек. «Разам з ім былі дзеці з сем’ямі, ахова, кухары, нянечкі дзяцей», — казалі ў гатэлі «Гранд». Гэтая гасцініца пазіцыянуе сябе, як «месца для тых, хто хоча сумясціць актыўны адпачынак з раскошай і камфортам».

Цахкадзор (Арменія)

Дзіва што, але праз пару дзён пасля вяртання з Сербіі Лукашэнка накіраваўся ў Арменію, дзе зноўку ж сумясціў афіцыйныя сустрэчы з катаннем на лыжах на курорце Цахкадзор у 50 кіламетрах ад Ерэвана. Там ён спыніўся ў пяцізоркавым гатэлі Multi Rest House – на той час гэта быў самы сучасны гатэль на курорце. Адказваючы на пытанні журналістаў у Цахкадзоры, Лукашэнка трымаў на каленях маленькага Колю.

Альпы (Швейцарыя)

Адна з найбольш таямнічых паездак кіраўніка дзяржавы адбылася ў лютым 2010 года ў Швейцарыю. Афіцыйныя крыніцы паведамлялі, што гэта дзяржаўным візіт, які будзе сумешчаны з кароткачасовым адпачынкам. Праз нейкі час афіцыйнае выданне Еўрасаюза «EUobserver» паведаміла, што ў Швейцарыю Лукашэнка ездзіў для таго, каб зрабіць аперацыю на прастаце.

ААЭ

З цёплых краін Лукашэнка аддае перавагу Аб’яднаным Арабскім Эміратам. За апошнія гады ён двойчы пабываў там з завуляванымі адпачынкамі. Восенню 2014 года арабскія тэлеканалы паказалі кадры, як прэзідэнта Беларусі наведвае мячэць імя шэйха Заіда ў Абу-Дабі. Разам з ім была вялікая дэлегацыя: бізнэсмены Юрый Чыж, Аляксандр Шакуцін, хакейны трэнер Міхаіл Захараў, тэнісны трэнер Сяргей Цяцерын, кіраўнік федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў, памочнік па пытаннях бяспекі Віктар Лукашэнка. А таксама невядомыя маладыя жанчыны ў чорным адзенні з капюшонамі.

Венесуэла

У сакавіку 2010 года былі прадэманстраваныя кадры, як Аляксандр Лукашэнка седзячы на пляжы Атлантычнага акіяну дае інтэрв’ю журналісту газеты «Diario La Nacion». «На пляжы голым я яшчэ нікому інтэрв’ю не даваў», — сказаў Лукашэнка. Гэта было падчас паездкі ў Венесуэлу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?