2 лютага а 19-й гадзіне ў кнігарні «Галіяфы» ў Траецкім прадмесці (вул. Старавіленская,6) адбудзецца доўгачаканая прэзентацыя электронных зборнікаў вершаў двух маладых паэтак – Кацярыны Масэ і Кацярыны Ваданосавай.

Гэтыя дзве кнігі аб’ядноўваюць некалькі рэчаў: электронны фармат зборнікаў, што ўжо незвычайна для беларускай кнігавыдавецкай справы, для аўтараў яны з’яўляюцца дэбютнымі і выйшлі адначасова пад шыльдай новага праекта «Электронная бібліятэчка часопіса «Верасень».

Змест кожнай кнігі цалкам адметны. Калі для творчасці Кацярыны Ваданосавай уласцівыя рамантычныя настроі, натхнёныя эпохай Сярэднявечча і гераічнымі часамі з твораў «фэнтэзі», то вершы Кацярыны Масэ гучаць як суцэльная аўтарская рэфлексія, накіраваная на вывучэнне ўнутранага свету і пошукі свайго месца ў неспакойным свеце. Вы зможаце пачуць цудоўныя, жывыя вершы ад аўтараў – не прапусціце такой магчымасці!

Ноу-хау мерапрыемства ў «Галіяфах» стане прэм’ерны паказ буктрэйлераў, якія адмыслова былі знятыя з нагоды выхаду паэтычных зборнікаў. Акрамя таго, гасцей чакае музычная імпрэза з удзелам барда Эдуарда Акуліна і гурту Кацярыны Ваданосавай.

Прыходзьце а 19-ай гадзіне ў аўторак, будзе цікава!

А кнігі можна набыць на кніжных платформах Smashwords.com, Barnes&Noble, Kobobooks, а з аўторка – праз партал kniharnia.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0