Першыя вясновыя птушкі заўважаныя ў Гродзенскай вобласці, паведаміў арнітолаг, намеснік старшыні абласнога аддзялення ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Дзмітрый Вінчэўскі.

ptushki.org

У Бераставіцкім раёне арнітолагі заўважылі некалькі дзікіх гусей. Звычайна першыя птушкі гэтага віду ў нашых краях з'яўляюцца ў канцы лютага, але анамальна цёплае надвор'е паўплывала і на іх.

«Гусі належаць да так званых блізкіх мігрантаў, гэта значыць тых, хто зімуе ў краінах заходняй альбо паўднёвай Еўропы. Яны арыентуюцца на надвор'е, нават складаюць свой прагноз і, калі надвор'е дазваляе, перабіраюцца бліжэй да месца гнездзішча», — распавёў Дзмітрый Вінчэўскі.

Разлік у птушак просты: у таго, хто прыляціць раней, больш магчымасцяў пасяліцца ў найбольш зручным месцы, вывесці нашчадства. Таму птушкі і спяшаюцца вярнуцца. Падобным чынам дзейнічаюць тыя ж буслы, шпакі, кнігаўкі. Таму не варта здзіўляцца іх ранняму з'яўленню.

«На днях на Нёмане заўважылі таксама пару вялікіх белых чапляў. Звычайна гэтыя птушкі ў нашых краях не зімуюць, таму, хутчэй за ўсё, прыляцелі ў Гродна з больш цёплых краёў. Адзначылі і з'яўленне лебедзяў-клікуноў», — сказаў Дзмітрый Вінчэўскі.

Зрэшты, чакаць масавага з'яўлення пералётных птушак у бліжэйшы час не варта. Так званыя далёкія мігранты, якія зімуюць у Афрыцы і Азіі, арыентуюцца на даўжыню светлавога дня, а не на надвор'е, і таму вяртаюцца паводле графіку, які складваўся гадамі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?