Людвіся Атакулава

Студэнтцы 3‑га курсу Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Людвісі Атакулавай 9 красавіка пагражалі выключэньнем з ВНУ.

За два дні да гэтага дзяўчына была затрыманая ў Полацку за акцыю салідарнасьці з Касяй Салаўёвай. Ноч дзяўчына правяла ў ізалятары, а ў чацьвер яе пакаралі штрафам у памеры 1 мільёну 225 тысяч рублёў.

«Сёньня, калі я прыйшла на першую пару ва ўнівэрсытэт, то мяне з старастай групы адразу выклікалі ў дэканат. Там мне адкрыта сказалі: «Рыхтуйся, цябе будуць выключаць». Маўляў, рашэньне гэтае прымалася не ўнутры ВНУ, а недзе вышэй. Я напісала тлумачальную, чаму два дні не было на занятках. А старасьце далі загад сабраць усе мае пропускі за гэты навучальны год. Нібыта цягам бліжэйшых дзён маё пытаньне павінны вырашыць дэкан Мікалай Кабушкін з рэктарам Уладзімерам Шымавым», — кажа Людвіся Атакулава.

Сёлета Атакулава за акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі і прадпрымальнікамі ў студзені ўжо была арыштаваная на 15 сутак арышту. Тады рэктар Шымаў абмежаваўся апошнімі вымовамі ёй і яшчэ адной дзяўчыне: Касі Красновай. У выпадку наступных арыштаў ці затрыманьняў, дзяўчын абяцалі адлічыць з ВНУ.

Справа Атакулавай можа стаць тэстам для рэктару «наргасу» Ўладзімера Шымава. Нядаўна ягоны сын Яраслаў сьцьвярджаў, што бацька не адлічыў з унівэрсытэту ніводнага студэнта за палітычныя погляды.

***

Тым часам, стала юрыдычна аформленым выключэньне з гістфаку БДУ студэнта‑шасьцікурсьніка Міхаіла Пашкевіча.

«Зь юрыстам АГП Сяргеем Альферам мы хадзілі да дэкана факультэту Сяргея Ходзіна і да прарэктара БДУ Ўладзімера Клюні. Апошні нават не захацеў нас слухаць, сказаўшы, што пару хвілін таму падпісаў загад аб маім выключэньні і мяняць яго ўжо не зьбіраецца», — кажа М.Пашкевіч.

Хлопец усё ж хоча дачакацца матывацыйнага адказу аб выключэньні, пасьля чаго ўжо зьвяртацца ў суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?