Пра гэта паведаміў сёння журналістам міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута перад пачаткам прэзентацыі Нацыянальнай стратэгіі па захаванні і рацыянальным (устойлівым) выкарыстанні тарфянікаў.

«Тры новыя водна-балотныя ўгоддзі атрымалі міжнародны статус ахоўных тэрыторый, дадаткова да тых сямнаццаці, якія вызначаны раней», — сказаў міністр. Размова ідзе аб такіх тэрыторыях, як «Палеская даліна ракі Буг», «Сэрвач» і «Вілейты».

«Сёння адзначаецца Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў, таму вельмі сімвалічна, што мы прэзентуем нашу Нацыянальную стратэгію па захаванні і рацыянальным (устойлівым) выкарыстанні тарфянікаў», — адзначыў Андрэй Каўхута.

Як растлумачыла начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Наталля Мінчанка, тры беларускія тэрыторыі ўключаны ў Рамсарскі спіс водна-балотных угоддзяў. «Гэтыя тэрыторыі пападаюць ужо, у нейкай ступені, у зону адказнасці міжнародных арганізацый. Таму будзе лягчэй рыхтаваць праекты і звяртацца да донараў па атрыманне сродкаў на аднаўленне і развіццё гэтых угоддзяў», — адзначыла яна.

Беларусь з'яўляецца краінай Рамсарскай канвенцыі (Канвенцыі аб водна-балотных угоддзях) з 1999 года, калі заказнік «Спораўскі» быў першым з беларускіх водна-балотных угоддзяў уключаны ў Рамсарскі спіс.

Нацыянальная стратэгія па захаванні і рацыянальным (устойлівым) выкарыстанні тарфянікаў была адобрана пастановай Савета Міністраў 30 снежня 2015 года. Асноўны прынцып устойлівага развіцця тарфянікаў заключаецца ў тым, што ўсе прыродныя тарфяныя балоты (агульнай плошчай амаль 863 тыс. га) падлягаюць ахове, гаспадарчая дзейнасць можа весціся толькі на раней асушаных і неэфектыўна выкарыстоўваемых тарфяніках. Акрамя таго, прадугледжваецца экалагічная рэабілітацыя парушаных балот. Паспяховая рэалізацыя стратэгіі дасць магчымасць Беларусі да 2030 года захаваць у натуральным стане 684 тыс. га балот, аднавіць не менш як 75 тыс. га парушаных тарфянікаў, захаваць больш як 7 млрд куб.м запасаў прэснай воды, утрымаць амаль 500 млн т вугляроду ад пападання ў атмасферу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?