З’ездзіў з Алесем Пашкевічам на мінулым тыдні ў Мажайск (райцэнтр за 80 км ад Масквы), дзе ў тамтэйшай друкарні забіралі новую кнігу.

У кнігі быў наварочаны макет (некалькі сотняў здымкаў, у тым ліку за 60 штук каляровых), + хацелі выдаць якасна ў цвёрдай вокладцы з дзвюма закладкамі-лясэ, таму выбар паў на Мажайскі паліграфкамбінат.

Хачу падзяліцца ўражаннямі.

1. Так званая алімпійка ў Дубровенскім раёне ўяўляе зь сябе жалюгоднае відовішча, яма на яміне. Не верце ў міф пра яе цудоўны стан.

Наагул, стан дарогі ў Віцебскай вобласці надзвычай кепскі. І гэта платная дарога!

2. Стан расейскага ўчастка ад мяжы зь Беларуссю і да Смаленска лепшы, чым віцебскі адцінак, але далей таксама пачынаюцца ямы і выбоіны.

3. На дарозе шмат міліцыі (пад Вязьмай нас спыніла ГІБДД), але пашпартнага кантролю на мяжы няма (летась быў).

4. Расейская дарожная паліцыя палюе на беларускія машыны, якія могуць цягнуць тавар, таму пры сабе трэба мець усе спраўныя дакументы. У мяне правяралі нават медычную даведку — гэта пры тым, што за сотні падарожжаў у Літве і Польшчы мяне наагул толькі раз спыніла дарожная паліцыя.

5. На зваротным шляху зразумеў, чаму мне рэжа вока расейскі краявід паабапал дарогі. На ўсім кавалку ад Мажайска і да самай мяжы Беларусі няма НІВОДНАГА засеянага ці хоць як уробленага поля. Усцяж балотнага віду бярозкі, іншая чэзлая расліннасць, якая вока не цешыць.

6. Як заязджаеш у Расею, першыя вёскі, якія ляжаць пры дарозе, называюцца «Птушкі» і «Зюзькі». Беларускія назвы трапляюцца прынамсі да Дарагабужа.

Мажайск. Ілюстрацыйнае фота з lookrus.com.

Мажайск. Ілюстрацыйнае фота з lookrus.com.

7. Мажайск — горад дэпрэсіўны. Што ўразіла: машыны спрэс ездзяць па тратуарах, любяць паркавацца каля самога ганку-ўваходу ў крамы.

8. Самі крамы часткова захаваліся ў нязменным выглядзе з савецкіх часоў — толькі «обветшалі».

9. Зайшоў у аўтакраму купіць амывайку, у ёй смярдзела, на падлозе ляжаў бруд, плюнуў і выйшаў.

10. Вяртаючыся, настроіўся на ФМ-станцыю радыё «Віцебск». Пасьля выпуску навін, прачытанага а 21.00, паставілі АДНУ КАМПАЗІЦЫЮ з нейкага навамоднага стылю, якая гучала роўна да 22.00.

11. Упершыню праехаў 45 км па новай акружной Мінска. За ўвесь час сустрэў на ёй 4 (чатыры) машыны.

12. Як заязджаеш у Маскоўскую вобласць, цябе сустракае вялізны білборд «Подмосковье за ЛДПР». Перад апошнімі парламенцкімі выбарамі ў Расеі бачыў у Рудні (райцэнтр у Смаленскай вобласці, на мяжы з Лёзненскім раёнам Беларусі) рэкламу на рэйсавым аўтобусе: Россія для русскіх (В.В.Жіріновскій).

13. Насуперак стэрэатыпам, кіроўцы ў Мажайску ветлыя і прапускаюць на пераходзе пешаходаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?