У вышыванцы перад боем. «Я выходжу ў вышыванцы не таму, што гэта модна, а таму, што хачу паказаць, адкуль я родам. Каб было зразумела, што я беларус, каб не губляцца сярод агульнай масы».

У вышыванцы перад боем. «Я выходжу ў вышыванцы не таму, што гэта модна, а таму, што хачу паказаць, адкуль я родам. Каб было зразумела, што я беларус, каб не губляцца сярод агульнай масы».

Вараныя яйкі, спартрота, «машка»

— Ты толькі пасля трэніроўкі. Вельмі стаміўся?

— Так, трэніроўкі перад турнірамі жорсткія — па дзве на дзень. Выкладваюся на ўсе сто. Выходных у нас няма.

— Не крыўдна?

— Ды не, гэта мой выбар, мая справа. Таму нармальна.

— Як звычайна праходзіць твая трэніроўка?

— Любы трэніровачны працэс у нас дзеліцца па этапах. Стандартна, спачатку робіцца сілавая база — гэта жалеза, праца ў трэнажорцы. Потым усё гэта раскідваецца — работа ў парах, спарынгі. Перад спаборніцтвамі — непасрэдна тэхніка. Цяпер у мяне якраз этап сілавой падрыхтоўкі — працую з жалезам, бегаю.

— Якія моманты дапрацоўваеш?

— Як кажа мой трэнер, у мяне ўсё для перамогі ёсць. Галоўнае — перамога над самім сабой. Трэба разабрацца, што ў мяне ўнутры, перамагчы ўсе сумневы, тады ўсё ўдасца.

— Як цяпер выглядае твой звычайны дзень?

— Я цяпер служу ў арміі — у спартроце. Таму ўсё пачынаецца як у арміі — пад’ём а 6-й раніцы, зарадка, сняданак. Пасля мяне адпускаюць на трэніроўку. Першая трэніроўка, груба кажучы, лёгкая, каб прачнуцца. Потым еду дамоў дасыпаць. А ў 4 гадзіны другая трэніроўка. Пасля еду дамоў, пераапранаюся і вяртаюся ў частку. І там усё па распарадку.

— Ад арміі не касіў?

— Ды не. А як ты адкосіш, калі ты знаходзішся ў складзе нацыянальнай зборнай? Калі ты дзейны спартсмен, значыць, ты здаровы — прыгодны для службы.

Новы год Макс святкаваў у казарме. «У кожнага мужчыны раз, а то і два разы ў жыцці можа быць і такі Новы год. Усім у Новым годзе жадаю шмат вітамінаў і пратэінаў, бугаёвага здароўя, кахаць па-сапраўднаму, а не за грошы, выканання ўсіх планаў і жаданняў!»

Новы год Макс святкаваў у казарме. «У кожнага мужчыны раз, а то і два разы ў жыцці можа быць і такі Новы год. Усім у Новым годзе жадаю шмат вітамінаў і пратэінаў, бугаёвага здароўя, кахаць па-сапраўднаму, а не за грошы, выканання ўсіх планаў і жаданняў!»

— У вашай федэрацыі не дзейнічае такая рэч, як падняць трубку і вырашыць пытанне?

— Адзінае, што зрабілі — я служу не як звычайны салдат, а ў спартроце. Ёсць магчымасць трэніравацца, выступаць, ездзіць за мяжу. Там ёсць таксама хлопцы-спартоўцы, але яны пастаянна знаходзяцца ў частцы. Але і ў нарады хаджу, і швабрай дзейнічаць даводзіцца — усяго патроху я адчуў. Дый курс маладога байца я месяц прайшоў…

— А як кормяць?

— Я там нават не ем. Не, стоп, ем яйкі вараныя. Усё астатняе — не для мяне зусім. Пах пачуеш — ажно апетыт губляецца. Для спартсмена такая ежа не пасуе. Мяне саслужыўцы просяць падвезці ў частку штосьці.

— Якой, па-твойму, павінна быць армія?

— Зрабілі б яе для тых, хто сапраўды хоча служыць. Паменшылі б колькасць прызыўнікоў, але зрабілі ўсё больш разнастайным і цікавым — больш часу на стрэльбішчах, фізічнай падрыхтоўкі. Туды б ішлі людзі, якія рэальна гэтага хочуць, і служылі б добра, а не касілі б.

Зялёны Луг, Эрнэста Хуст, 3214

— Добра, давай больш пра цябе. Як ты ўвогуле зацікавіўся двубоямі? Класічная гісторыя — пабілі ў школе і ты вырашыў адпомсціць?

— Ды не, у мяне бацька вайсковец, ваяваў у Нагорным Карабаху, ён заўжды быў у спорце. І ён з’яўляецца для мяне прыкладам. Заўжды казаў мне, што мужык павінен быць мужыком, абараняць сябе і сваіх блізкіх. Спачатку ён мне дома паказваў нейкія ўдары і лапы трымаў. А мне не падабалася, я маляваць любіў, вучыўся ў мастацкай школе. І бацька мяне спачатку ледзь не сілай завозіў у клуб «Чынук» — я тады быў у 4 класе. А пасля, калі ў мяне пачало атрымлівацца і я пачаў даваць люлей, а не атрымліваць, тады і прачнулася цікавасць. Проста спачатку не ўмеў нічога, дык атрымліваў, а пасля навучыўся і пачаў сам раздаваць. І пачало падабацца. Па тэліку тады паказвалі баі К-1 у Японіі, я глядзеў і проста захапіўся гэтым відам спорту, сам пачаў праяўляць актыўнасць на трэніроўках. Так дагэтуль у гэтым спорце.

Арэна — яна як сцэна. Толькі кроў тут сапраўдная.

Арэна — яна як сцэна. Толькі кроў тут сапраўдная.

— Рэмі Баньяскі [нідэрландскі кікбаксёр, трохразовы чэмпіён К-1] захапляўся?

— Калі я пачынаў глядзець, на піку быў Эрнэста Хуст — вось ён і быў маім любімым байцом.

— У школьныя гады часта прымяняў атрыманыя на трэніроўках навыкі?

— Хапала прыгод, асабліва ў гэты пік — 15 год, калі пераходны ўзрост перажываў. Ва ўсіх пастарунках на раёне пабываў, на ўліку ў міліцыі стаяў — бойкі былі пастаянна. Гэта было нармальна, калі на школьную дыскатэку прыходзілі хлопцы з іншай школы, выходзілі на вуліцу разабрацца, пасля рада прафілактыкі, бацькоў у школу. І ў лагеры адпраўлялі для цяжкіх падлеткаў — у частку 3214, там такі вайсковы лагер быў для выхавання. Я кожнае лета туды ездзіў — мне падабалася, прыкольна было.

— Гэта які раён быў?

— Зялёны Луг.

— Як бацькі глядзелі на такую тваю актыўнасць, асабліва матуля?

— Мама ў мяне вельмі начытаная, адукаваная жанчына. Яна заўжды адказвала за маю адукацыю. Бацька адказваў за развіццё цела, а маці — галавы. Яна заўжды казала, што галава павінна быць на плячах. Я ж скончыў 11 класаў школы, пайшоў на вышэйшую адукацыю ва Універсітэт фізкультуры. Хаця, як правіла, усе, хто сябруе са спортам, сыходзілі ў спартовую школу. Але там асаблівай вучобы ўжо не было — ва ўсіх спорт на першым месцы.

Тым шчаслівейшы ты, калі перамагаеш

Тым шчаслівейшы ты, калі перамагаеш

— Дарэчы, калі ты апошні раз на вуліцы біўся?

— Правакацыйнае пытанне (смяецца). Дробныя сутычкі бывалі часценька, але я цяпер стараюся абыходзіць гэта. Пару год таму быў выпадак, калі я заступіўся за дзяўчыну і прыйшлося ўдарыць аднаго чалавека, бо без гэтага там было ўжо ніяк, а на мяне заяву кінулі ў міліцыю. Хоць праўда, здавалася б, была і на маім баку, але ў нашай краіне ж як? Хто першы заяву кінуў, той і мае рацыю. Было шмат непрыемных момантаў, таму я зрабіў пэўныя высновы і цяпер стараюся ўсё вырашаць дыпламатычна.

— Ты перажываў стандартны для пераходнага ўзросту перыяд «ды ну іх»?

— Так, было такое, хацелася больш пагуляць. Цяпер узгадваю і шкадую. Якраз жа такі перыяд, калі арганізм чалавека фарміруецца і ўзмацняецца. Хай бы лепей больш часу ў зале праводзіў, а не на вуліцы і ў дварах.

Агню, 500 даляраў, мастацтва

— І кім бачыш сябе ў бліжэйшай будучыні?

— Пакуль ёсць порах, дам агню. Хочацца пояс чэмпіёна свету сярод прафесіяналаў і сярод аматараў. Пакуль я быў толькі другім у свеце сярод аматараў. Ёсць да чаго імкнуцца.

— А пражыць на сродкі ад спорту рэальна?

— Зноў жа, усё ад цябе залежыць. Добра выступаеш, цябе заўважаюць, арганізоўваюць табе стабільна баі — тады рэальна.

«Клікаць катоў — такі ж бескарысны занятак, як клікаць ураган»

«Клікаць катоў — такі ж бескарысны занятак, як клікаць ураган»

— Шмат хто з байцоў скардзіўся на малы памер дапамогі ад нашай федэрацыі.

— Гэта датычыцца аматарскага спорту. Бо ў нас, у адрозненне ад бокса, можна выступаць адначасова і ў аматарах, і ў прафесіяналах. Таму калі ў цябе ёсць прафесійныя баі і пры гэтым ты яшчэ маеш нейкую стыпендыю па аматарах, то ўсё цалкам рэальна.

— Колькі выходзіць у сярэднім прызавых за нармальны турнір?

— Па-рознаму. Дзесьці могуць даць 500 даляраў, дзесьці — паўтары тысячы, дзесьці — пяць тысяч. Усё таксама залежыць ад рэйтынгу байца і важнасці турніру.

— Не так даўно расійскі баец Андрэй Махно распавёў, што кошт падрыхтоўкі да аднаго бою вышэйшы за ганарары ад трох перамог. Гэта так?

— Так, бывае, што падрыхтоўка вымагае вялікіх выдаткаў: дыета, вітаміны і іншае. Дзякуй Богу, што ў мяне ёсць такі добры трэнер, як Дзмітрый Барысавіч Пясецкі, які вельмі дапамагае— шукае розныя варыянты падтрымкі. Дзякуй яму вялікі за гэта.

— Яшчэ адно пытанне, якое цікавіць, пэўна, шмат каго з аматараў двубояў. К-1 і муай-тай — гэта добра. А пра пераход у ММА задумваўся? [К1 — кікбоксінг па японскіх правілах, муай-тай — яго тайландскі падвід, ММА — баі без правілаў.]

— Не. Мяне не вабіць гэты від спорту. Байцом змяшанага стылю можа стаць кожны — чым-небудзь выдзеліцца. А той жа кікбоксінг — гэта абмежаваныя правілы, мастацтва. І таму кікбаксёрам можа быць не кожны.

— Як увогуле ацэніш перспектывы і ўмовы развіцця кікбоксінга ў Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі?

— Усё тут упіраецца ў фінансы. У некаторых краінах вакол двубояў пабудаваны бізнэс, яны папулярныя, прыцягваецца шмат рэкламных сродкаў. Хаця ў нас таксама бачна развіццё: больш турніраў адбываецца ў Мінску, больш людзей пачынае цікавіцца кікбоксінгам, паціху расцём.

Шашлыкі, маоры, карані

— На гэтым фоне, як па-твойму, ты шмат ахвяруеш спорту?

— — Пакуль я малады, я не адчуваю. Дзякуючы спорту я той, кім з’яўляюся. Я шмат чаго пабачыў і даведаўся, ён даў мне станаўленне характару. Пакуль толькі ў плюс. Мінімальныя траўмы ёсць, але пакуль спорт мне больш дае, чым забірае ў плане здароўя.

Лазня — карпаратыўны адпачынак кікбаксёраў.

Лазня — карпаратыўны адпачынак кікбаксёраў.

— Самая страшная траўма, якую сам бачыў?

— Цьфу-цьфу-цьфу, у мяне пакуль сур’ёзных траўм не было, толькі мінімальныя. А ў іншых бачыў шмат. Адкрыты пералом сківіцы — самае страшнае, што я бачыў. Пасля такога цяжка вяртацца ў рынг. Таму спадзяюся, што ў мяне і далей будзе без траўм.

— Будзем спадзявацца. Як любіш адпачываць?

— Люблю бавіць час са сваімі сябрамі і дзяўчынай, мне з імі заўжды весела. Цяпер аддаю перавагу адпачынку на прыродзе, хаця, калі быў маладзейшым, хацелася ў клуб схадзіць. Люблю на шашлыкі схадзіць, на пляжы пасядзець.

— Адпачынак у разуменні нармальнага чалавека ў цябе бывае? У плане 30 дзён без любой работы.

— Больш за тыдзень не бывае, бо гэта дрэнна. Пасля перапынку ў трэніроўках больш за тыдзень цяжка вярнуцца ў рытм. Дый не магу я больш за тыдзень адпачываць — цела пачынае ламіць, энергію няма куды дзяваць. Калі ты прывык пастаянна пахаць, то цела і патрабуе нагрузак. Мне ўвогуле цяжка ўявіць, як жывуць людзі, якія не займаюцца спортам — гэта ж з глузду з’ехаць можна. Чалавек, які не займаецца спортам, не паважае сябе. Спорт — гэта гігіена цела. Што можа быць лепей, чым рабіць сябе лепшым? А менавіта спортам ты робіш сябе лепшым.

Кругавая трэніроўка прайшла на характары.

Кругавая трэніроўка прайшла на характары.

— Ну, і апошняе пытанне. Гляджу, ты татуіроўкі любіш. Што за трайблы, што значаць?

— Гэта палінезійскія татуіроўкі. У мяне акула — ваяры маоры насілі такія татуіроўкі, яны сімвалізуюць сілу і агрэсію. Гэта і зараджае дух.

— Ты, дарэчы, у вышыванцы на бой выхадзіў.

— Я выходжу ў вышыванцы не таму, што гэта модна, а таму, што хачу паказаць, адкуль я родам. Каб было зразумела, што я беларус, каб не губляцца сярод агульнай масы.

«Жанчына павінна быць спагадлівай»

«Жанчына павінна быць спагадлівай»

Бліц-пытанні:

Хто ваша дзяўчына? Дзе з ёй пазнаёміліся і пры якіх абставінах?

Вікторыя, працуе ў музычнай студыі. Пазнаёміліся ў сацыяльных сетках, пасля запрасіў на чай — і пайшло-паехала.

Дзе жывяце (калі не лічыць казармы)? Дзе марыце жыць? Як збіраецеся вырашаць «кватэрнае пытанне»?

Жыву з бацькамі на Мірашнічэнкі, Зялёны Луг. Пасля службы збіраюся здымаць кватэру.

Любімы горад…

Мінск.

Любімы занятак у самалёце…

Глядзець фільмы.

Любімая страва…

Паста з морапрадуктамі.

Пры якой тэмпературы парыцеся ў лазні?

Каб сядзелася на характары.

Кава павінна быць…

З вяршкамі.

У доме павінна быць…

Утульна.

Жанчына павінна быць…

Спагадлівай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?