У Магілёве дарожныя будаўнікі пры пашырэнні Пушкінскага праспекта на левым беразе Дняпра знайшлі падмурак Траецкай царквы, які добра захаваўся.

Прыход Траецкай царквы быў заснаваны ў ХVI стагоддзі, драўляная царква вядомая з ХVIІ стагоддзя. У 1792 годзе магілёўскае прадмесце Лупалава ўпрыгожыла каменная Траецкая царква, якая знаходзілася амаль на самым беразе Дняпра. Канчаткова царква была разбураная ў 1950-я гады.

«Заўчора бульдозер выпадкова зачапіў фрагмент падмурка. Былі выкліканыя археолагі, у прыватнасці Ігар Аляксандравіч Марзалюк быў на месцы ўжо заўчора вечарам. Тут жа паднялі ўсіх зацікаўленых асоб гарвыканкама, якія адказваюць за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны», — расказаў дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў, які ўзяў удзел у валанцёрскіх працах па ачышчэнні ад грунту падмурка царквы.

Раней лічылася, што на месцы Траецкай царквы пасля была пракладзеная аўтамабільная дарога, якая стала Пушкінскім праспектам. Аднак, як адзначае Бацюкоў, магчыма, дарога праходзіць там, дзе была званіца пры храме. «У нас ёсць нямецкія аэрафотаздымкі 1941 года. Там дакладна будзе відаць, дзе знаходзілася званіца», — сказаў дырэктар музея, адзначыўшы, што гэтае пытанне яшчэ неабходна вывучыць.

Будаўнічыя работы па пашырэнні Пушкінскага звязаныя з рэканструкцыяй моста праз Дняпро. Згодна з праектам, побач павінна з'явіцца веласіпедная дарожка, якая, як цяпер выявілася, стала б праходзіць як раз па знойдзеным падмурку.

Цяпер валанцёры вызваляюць падмурак ад грунту і дзёрну. Яны маюць намер абгарадзіць яго ад дарожна-будаўнічых работ, заявіў адзін з валанцёраў. Пры расчыстцы падмурка імі выяўленыя некалькі костак чалавечага чэрапа. Валанцёры заявілі пра знаходку праваахоўным органам. На месца выязджалі супрацоўнікі міліцыі, Следчага камітэта, эксперты. Пра тое, калі жыў чалавек, чые косткі былі знойдзеныя побач з падмуркам, павінна адказаць экспертыза.

«Цяпер актуальная задача — хадайнічаць перад упраўленнем камунальнага будаўніцтва гарвыканкама, каб змянілі праект дзеля захавання падмурка. Ёсць магчымасць захаваць падмурак, музеефікаваць яго і аднавіць храм», — упэўнены дырэктар Музея гісторыі Магілёва.

У сваю чаргу кіраўнік Магілёўскай гарадской арганізацыі «Таварыства беларускай мовы» Алег Дзячкоў, які таксама бярэ ўдзел у валанцёрскай працы, лічыць, што найбольш аптымальным варыянтам было б стварыць паменшаную копію Траецкай царквы, якая была пабудаваная ў стылі класіцызму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?