У выканкамах скончыўся гадавы запас грошай на адрасную падтрымку.
Грошы, выдаткаваныя дзяржавай на год для адраснай сацыяльнай падтрымкі, ужо скарыстаныя. У Пухавіцкім раёне на адрасную дапамогу пайшло 128 мільёнаў рублёў з выдзеленых 122, у Клецкім раёне — 114 мільёнаў з 89. Цяпер мясцовыя выканкамы бяруць сродкі з дадатковых дзяржаўных паступленьняў. Зэканоміць на адмене льготаў у дзяржавы не атрымалася.
Паводле дадзеных начальніка аддзелу матэрыяльна‑бытавога забесьпячэньня пэнсіянэраў і інвалідаў Пухавіцкага райвыканкаму Сяргея Яроміна, за першы квартал у райвыканкам па адрасную дапамогу зьвярнуліся 280 чалавек.
«Асноўная маса — каля 45 % — гэта няпоўныя шматдзетныя сем’і. У нас былі асыгнаваньні на гэты год у памеры 122 мільёнаў 300 тысяч рублёў. А прызначана ў нас за першы квартал 128 мільёнаў 300 тысяч. Дадаткова выдзеленыя асыгнаваньні Міністэрствам фінансаў».
Сяргей Яромін лічыць, што казаць аб эканоміі сродкаў у выніку адмены льготаў не даводзіцца:
«Лягічна было б меркаваць, што льготы адмененыя для таго, каб пераразьмеркаваць сродкі, неяк зэканоміць. Аднак тое, што адбываецца з адраснай дапамогай, цяжка ўпісваецца ў межы эканоміі. Гэтая дапамога становіцца ня столькі адраснай, колькі разбазарваньнем дзяржаўных сродкаў і стымуляваньнем утрыманскіх настрояў сярод насельніцтва».