НАТА плануе ўхваліць павелічэнне колькасці сваіх войскаў на ўсходнім флангу, паведамляе The Wall Street Journal са спасылкай на прадстаўнікоў альянсу і ЗША.

AFP

AFP

Паводле дадзеных выдання, менавіта такое рашэнне, хутчэй за ўсё, будзе прынята міністрамі абароны краін НАТА ў ходзе іх сустрэчы на наступным тыдні. Пры гэтым дакладная колькасць войскаў і тое, колькі менавіта вайскоўцаў прадаставіць кожная краіна, будзе вызначана пазней у гэтым годзе.

Гэты крок закране Літву, Латвію і Эстонію, а таксама Польшчу, удакладняе WSJ. Агенцтва Reuters, у сваю чаргу, паведамляе, што альянс не мае намеру размяшчаць у Польшчы свае сталыя ваенныя базы, нягледзячы на яе просьбы.

Паводле дадзеных агенцтва, запланаванае нарошчванне сіл НАТА ў Еўропе, імаверна, будзе найбуйнейшым з часоў халоднай вайны. Намер умацаваць свой ўсходні фланг у альянсе тлумачаць занепакоенасцю дзеяннямі Расіі — у прыватнасці, анексіяй Крыма.

Расія пры гэтым неаднаразова заяўляла, што любое разгортванне войскаў такога маштабу з'яўляецца сур'ёзнай пагрозай для яе бяспекі.

Раней на гэтым тыдні кіраўнік Пентагона Эштан Картэр заявіў аб планах ЗША павялічыць ваенныя інвестыцыі ў Еўропу ў чатыры разы — з 800 мільёнаў даляраў да 3,4 мільярда.

Як адзначае WSJ, з дапамогай гэтых грошай будзе прафінансаваная дадатковая ратацыя войскаў, а таксама своечасовае размяшчэнне цяжкай тэхнікі, якое дазволіць ЗША хутка перакінуць у Еўропу свой атрад «у часы крызісу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0