Французскія журналісты, якія працуюць ва Украіне, апублікавалі адкрыты ліст, у якім выказалі сваё абурэнне з нагоды трансляцыі тэлеканалам Canal+ прапагандысцкага фільма адносна падзеяў ва Украіне.

Ліст апублікаваны на сайце Teleobs і падпісаны 17 журналістамі.

«Мы журналісты, якія рэгулярна працуюць ва Украіне. Некаторыя з нас з'яўляюцца сталымі карэспандэнтамі ў Кіеве і рэгіёнах, іншыя рэгулярна бываюць ва Украіне», — адзначаюць яны ў пачатку ліста.

«1 лютага мы былі шакаваныя дакументальным фільмам Поля Марэйры «Украіна — маскі рэвалюцыі», які выйшаў у эфіры канала Canal+. Не аргументамі, якія выкарыстоўваліся ў фільме. Мы пішам і аналізуем крайніх правых ва Украіне ўжо даўно», — адзначаюць яны.

Па словах журналістаў, яны «адчулі дыскамфорт» ад блытаніны фактаў у фільме, неправеранай інфармацыі і маніпуляцый.

«Як можна ігнараваць недатаванае YouTube відэа маршу нацыяналістаў у Кіеве, які прайшоў пасля Майдану і пададзены як адзін з эпізодаў рэвалюцыі?» — абураюцца журналісты.

Акрамя таго, на іх думку, у фільме рэжысёр абсалютна некарэктна адлюстраваў супрацьстаянне паміж украінска- і расейскамоўнымі украінцамі.

Таксама, як падкрэсліваецца ў лісце, аўтар стужкі сцвярджае, што «пасля рэвалюцыі насельніцтва Крыма пераважнай большасцю прагаласавала на рэферэндуме на карысць Расіі», аднак не падае кантэкст, у якім праводзілася галасаванне, а менавіта сістэматычнае разгортванне расейскіх ваенных сіл на паўвостраве.

Таксама журналісты адмаўляюць, што падзеі 2 мая ў Адэсе не асвятляліся сусветнымі СМІ, як гэта падае ў фільме Марэйры.

Фільм Поля Марэйры, які распавядаў пра падзеі ва Украіне 2013-2014 гадоў, выйшаў на тэлеканале Canal+ 1 лютага ў 22:30 па мясцовым часе.

Фільм зняты ў духу расійскай прапаганды і закліканы распавесці аб «экстрэмісцкіх нацыяналістычных батальёнах ва Украіне, якія сталі пагрозай для ўрада», а таксама аб «крывавай бойні ў Адэсе».

Першапачаткова пра прапагандысцкую стужку стала вядома з-за артыкула ў Le Monde, дзе яе таксама жорстка раскрытыкавалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?