Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Беларускае казацтва» плануецца рэарганізаваць у «Беларускае казачае войска», заявіў вярхоўны атаман арганізацыі Мікалай Улаховіч, выступаючы на пазачарговым сёмым вялікім крузе казакоў, які праходзіць 6 лютага ў Мінску.

БелаПАН

БелаПАН

Ён адзначыў, што аб'яднанне было створанае 20 гадоў таму. «За гэты час галоўная мэта — адраджэнне беларускага казацтва, лічу, выкананая. Цяпер неабходна ствараць «Беларускае казачае войска», накшталт тых, якія дзейнічаюць у Расіі», — сказаў Улаховіч.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што стварэнне казацкага войска неабходна правесці ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі.

Улаховіч адзначыў, што асноўнай задачай казакоў з'яўляецца воінская служба. Неабходнасць стварэння казацкага войска ў Беларусі ён патлумачыў і тым, што наша дзяржава мяжуе з краінамі НАТА.

Паводле яго слоў, Беларусі неабходныя спакой і парадак, а не хаос. Такія арганізацыі, як Партыя БНФ, ён назваў «параўнальнымі з «Ісламскай дзяржавай»». Пры гэтым беларускіх казакоў вярхоўны атаман лічыць антыфашыстамі. «Мы хочам вырасціць моцных духам ваяроў, выхаваных на ідэалах патрыятызму і праваслаўя», — заявіў Улаховіч.

У мерапрыемстве бяруць удзел прыкладна 80 чалавек.

Нагадаем, што Улаховіч з'яўляўся кандыдатам у прэзідэнты 2015 году; паводле афіцыйных дадзеных, за яго прагаласавала 1,7% выбаршчыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?