У гомельскім парку па вуліцы Барыкіна зноў ляжаць дзясяткі здохлых варон.

Такая самая сытуацыя назіралася й леташняй вясной. Тады вэтэрынары зрабілі патрэбныя экспэртызы й высьветлілі: вароны гінуць не ад птушынага грыпу. Прычынай паморку сталася пацучыная атрута — фасфат цынку, які, дарэчы, ужо даўно зьняты з вытворчасьці. Дзе яго адшукалі птушкі — невядома.

Увесну трупы птушак зноў зьявіліся на сьцежках парку. Паводле слоў тутэйшых жыхароў, у сакавіку мёртвыя вароны ляжалі ў значна большай колькасьці — апошнім часам іх сталі прыбіраць дворнікі.

На днях гарадзкая вэтэрынарная станцыя прыступіла да дасьледаваньня птушыных трупаў. Вынікі будуць вядомыя не раней як праз тыдзень, аднак вэтэрынары мяркуюць, што прычына гібелі варон тая самая пацучыная атрута, месцазнаходжаньне якой дагэтуль ня выялўенае.

Сытуацыяй з атручваньнем у Гомелі птушак занепакоенае грамадзкае аб’яднаньне «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Паводле: naviny.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0