Эўрадэпутаты ня хочуць падпісвацца пад дэклярацыяй аб памяншэньні коштаў візаў для грамадзян Беларусі, бо гэта азначала б згоду з палітыкай Лукашэнкі.

Зьніжэньне кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў магло б успрыняцца як ухваленьне ўраду Беларусі, які падвысіў кошт сваіх візаў для грамадзян Эўразьвязу.

Такую думку выказаў «Свабодзе» дэпутат Эўрапарлямэнту з групы Эўрапейскай народнай партыі Вітаўтас Ландзбергіс. Пры гэтым ён ня змог згадаць, ці падпісваў ён сам дэклярацыю аб неабходнасьці памяншэньня кошту віз для беларусаў, якую распрацавалі дэпутаты‑сацыялісты. Тым ня меней да самой іх ініцыятывы ён паставіўся скептычна:

«Гэтая зьява крыху з галіны піяру, тым больш у кантэксьце таго, што Лукашэнка вельмі падвысіў кошт візаў у Беларусь. Фактычна ён не зацікаўлены ў гэтым і робіць учынкі, што зьяўляюцца выклікам… На першы погляд: чаму б не, давайце, канешне, зьнізім, але гэта ня будзе зроблена. Сацыялісты хацелі сябе добра паказаць, ведаючы, што з гэтага нічога ня будзе».

На думку спадара Ландзбергіса, нават калі былі б сабраныя неабходныя подпісы для дэклярацыі Эўрапарлямэнту, рашэньне будуць прымаць іншыя органы Эўразьвязу.

Зь іншага боку, спадар Ландзбергіс зазначыў, што Беларусь застаецца ў цэнтры ўвагі Эўрапарлямэнту.

Паводле Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0