Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў другога склікання Сяргей Скрабец мае намер балатавацца на пасаду прэзідэнта ў 2011 годзе. Аб гэтым рашэнні ён паведаміў БелаПАН.

Паводле слоў палітыка, яго папрасілі балатавацца дэпутаты, якія ўваходзілі ў дэпутацкую групу «Рэспубліка». «Улічваючы сённяшнюю абстаноўку татальнага запалохвання грамадзянскай супольнасці, пераслед прадстаўнікоў масавай інфармацыі, палітычных партый, развязвання халоднай вайны з ЗША, Расіяй і Еўрасаюзам, дэпутацкая група «Рэспубліка» прыняла рашэнне аб вылучэнні свайго кандыдата ў прэзідэнты на выбарах у 2011 годзе», — гаворыцца ў звароце членаў групы.

«Лічым, што наш кандыдат Скрабец Сяргей Мікалаевіч, які, не баючыся рэпрэсій з боку рэжыму, ужо вылучаў сваю кандыдатуру ў 2001‑м і, нават знаходзячыся ў турме, у 2006 годзе, — дастойная альтэрнатыва кандыдатам як ад апазіцыі, так і ад улады», — сцвярджаюць аўтары заявы.

Сам С. Скрабец у інтэрв’ю БелаПАН заявіў, што былыя дэпутаты, якія ўваходзілі ў групу «Рэспубліка», маюць намер узяць удзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў і павінны падтрымаць яго у якасці кандыдата ў прэзідэнты.

«Некаторыя з гэтых былых дэпутатаў знаходзяцца ў турме па надуманых абвінавачаннях, іншыя дагэтуль не могуць знайсці працу… Але дэпутацкая група «Рэспубліка» не развалілася — мы працягваем сустракацца, гаварыць аб праблемах. І пэўную палітычную сілу мы ўсё яшчэ ўяўляем», — заявіў С.Скрабец.

«Да выбарчай кампаніі трэба рыхтавацца не за месяц, не за два месяцы, і не за паўгода. Да прэзідэнцкіх выбараў яшчэ два з паловай гады, і гэтага тэрміну дастаткова, каб да іх падрыхтавацца. І я рад, што мае калегі пачалі падрыхтоўку ўжо цяпер», — зазначыў С. Скрабец.

Сяргей Пульша,БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0