Пры гэтым Беларусь «і надалей не будзе даваць невыканальных абяцанняў заходнім партнёрам». Пра гэта сёння заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.

Кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі прыняло рашэнне аб падтрымцы эканомікі Беларусі. Пра гэта сёння заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.

«Прэзідэнт Расіі і прэм'ер не толькі паабяцалі, але прынялі рашэнне аб падтрымцы, як бы ні было складана ў Расіі, эканомікі Беларусі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, кажучы аб выніках сваіх нядаўніх сустрэч з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным і прэм'ер-міністрам Дзмітрыем Мядзведзевым.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што падчас гэтых сустрэч бакі найпадрабязнейшым чынам абмеркавалі многія праблемы, дамовіўшыся разам выходзіць з эканамічнай сітуацыі.

У той жа час канкрэтнай інфармацыі, у чым будзе заключацца падтрымка, не прагучала. У сістэме ўлады Беларусі міністр замежных спраў Макей адказвае за кантакты з Захадам. Таму сустрэча Лукашэнкі з ім адразу па вяртанні з Расіі — красамоўны факт.

Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі агучыла наступныя яго заявы.

Лукашэнка адзначыў, што Беларусь заўсёды сумленна абыходзіцца з партнёрамі на міжнароднай арэне, як бы ні было складана і цяжка. «Усе разумеюць, калі мы сказалі — мы зробім. Калі мы не можам, мы не кажам», — падкрэсліў ён.

Закранаючы развіццё супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам, кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Калі пойдуць на падтрымку Беларусі, пра якую мы запытвалі, — дзякуй, не пойдуць, значыць, не пойдуць».

«Але весці перамовы з імі трэба з улікам нашых пазіцый, таго, што мы таксама ім абяцалі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка і выказаў перакананасць, што ў МВФ з разуменнем паставяцца да такой пазіцыі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што МВФ не ўносіць Беларусі незразумелыя і непатрэбныя прапановы. «Мы будзем рэалізоўваць іх прапановы, як бы ні было складана», — рэзюмаваў кіраўнік краіны. Так сканчае сваё паведамленне афіцыйнае агенцтва БелТА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?