Мала хто ведае, што 6 лютага ў Беларусі адзначаецца г.зв. «Дзень МААП» — моладзевых атрадаў аховы правапарадку. Гэта штосьці накшталт савецкіх дружыннікаў на сучасны лад — беларускі МААП існуе пры БРСМ, а прыходзяць у яго падлеткі і студэнты.

Звычайна сябры МААП забяспечваюць бяспеку на ўнутраных мерапрыемствах БРСМ і патрулююць вуліцы разам з міліцыяй. Іхняе свята — таксама ўнутранае, хоць тых МААПаўцаў, як кажуць у кіраўніцтве арганізацыі, агулам каля 15 тысяч.

Сёлета святкаванне «Дня МААП» вылучалася тым, што, апроч афіцыёзу, сябры арганізацыі зладзілі дэбаты на тэму дзяржаўнай бяспекі, куды запрасілі гасцей з Рады бяспекі, Генштаба і іншых сілавых ведамстваў.

Ад Міністэрства абароны прыйшоў памочнік міністра па ідэалагічнай працы генерал-маёр Аляксандр Гура.

Ад Міністэрства абароны прыйшоў памочнік міністра па ідэалагічнай працы генерал-маёр Аляксандр Гура.

Госці мусілі ацаніць глыбіню думкі МААПаўцаў і выбраць каманду-пераможцу. Але на справе атрымалася, што пасля падняцця нейкага пытання юнакі абменьваліся параю сказаў, пасля чаго слова браў адзін з запрошаных экспертаў і сваімі развагамі пераконваў прысутных.

Напрыклад, вось фрагмент абмеркавання патрэбы цалкам кантрактнага войска ў Беларусі.

«Ці гатовае нашае грамадства да гэтага? Мы мусім адказаць на пытанне, ці трэба войска? — Трэба. Ці патрэбная кантрактная служба? Калі глянуць у гісторыю, то раней у нас кантрактнай службы не было. І людзі ахвяравалі жыццём без грошай», — выказаўся адзін з БРСМаўцаў.

«Большасць баяцца ісці, бо там ёсць дзедаўшчына», — казалі з іншай каманды.

Хутка абмеркаванне забуксавала, і выступіў Аляксандр Гура.

Вайсковы ідэолаг пачаў з цытавання Цэзара.

«Можна адшукаць людзей, гатовых забіваць за грошы, але нельга знайсці людзей, гатовых за грошы паміраць, — сказаў Гура. — Людзі гатовыя паміраць за штосьці святое, блізкае і роднае, дарагое сэрцу. За народ, за маці. Не выпадкова ў Канстытуцыі прапісана, што абарона Айчыны — абавязак і святы доўг грамадзяніна. Каб дапамагчы яму выканаць гэты абавязак, і існуе войска. Гэта магчымасць, створаная народам, каб навучыцца сябе абараняць».

Адметна, што, разважаючы пра перспектывы войска, вайсковы ідэолаг звяртаўся да ўзораў Еўропы, а не Расіі.

«У абсалютнай большасці дзяржаваў Еўропы існуе тэрміновая служба. Напрыклад, той жа прынц Гары служыў у складзе кааліцыйных сілаў у Афганістане, падкрэсліваючы асабістую датычнасць да абароны сваёй дзяржавы, шведская прынцэса Вікторыя таксама прайшла падрыхтоўку. І калі большасць беларусаў пройдуць гэтую школу, то гэта стрымае іншыя краіны ад жадання размаўляць з намі з пазіцыі сілы. Яны будуць разумець, што гэты народ гатовы і можа сябе абараніць», — сказаў Гура.

Потым адзін з МААПаўцаў запытаўся ў супернікаў, ці ўвогуле мае сэнс іхняя арганізацыя.

У цэнтры Эдуард Галаўко — прадстаўнік сакратарыята Рады Бяспекі.

У цэнтры Эдуард Галаўко — прадстаўнік сакратарыята Рады Бяспекі.

Паводле хлопца, Беларусь — нейтральная дзяржава, у якой, маўляў, усё адно вядзецца ваенна-патрыятычнае выхаванне. Ці гэта не падмурак для прапаганды гвалту?

«Дзе вы прачыталі, што мы нейтральная дзяржава?» — парыраваў Гура. — У Канстытуцыі напісана, што Беларусь ставіць мэтай нейтральнасць. А для гэтага патрэбны ўмовы. І ўся праца дзяржавы цяпер скіраваная на стварэнне гэтых умоў. Бо нейтральнасць можна толькі прадэклараваць, а можна трымацца яе. Ці шмат каштавала нейтральнасць Бельгіі, калі па яе тэрыторыі абыходзілі Лінію Мажыно ў вядомы гістарычны перыяд?»

«Трэба абараняць радзіму на ўсіх кірунках. Дыпламат, журналіст, калі ён будзе абараняць Айчыну, а не паклёпнічаць на яе — то гэта таксама абарона. А тыя, хто кажуць, што не трэба рыхтавацца да абароны Айчыны ў сённяшніх умовах – яны не маюць рацыі», — перакананы генерал-маёр.

Далей размаўлялі пра тое, абуза МААП ці дапамога.

Хлопцы-сябры атрадаў расказалі пра тое, як адзін з іх разам з кіроўцам міліцэйскай машыны злавіў злачынцу, што парэзаў ягоную суседку нажом. А іншы дапамог злавіць небяспечнага гвалтаўніка злачынцу.

Прадстаўнік Пагранічнага камітэта тады дадаў, што было б няблага, калі б МААПаўцы дапамагалі ў ахове мяжы.

Скончылі на вечнай тэме — наркотыкі. Ці трэба легалізоўваць лёгкія раслінныя псіхатропы?

«Нават такія наркотыкі ўплываюць на чалавека і ягоныя паводзіны. Ён можа ўяўляць нейкую небяспеку для людзей і для сябе самога. Не кажучы пра тое, што гэта проста шкодна. Не трэба іх легалізоўваць», — казаў адзін з МААПаўцаў. 

«Гэта пагроза нацыянальнай бяспецы Беларусі», — сказаў Гура.

Потым знайшоўся і адзін чалавек з залы — нейкі сакратар БРСМ, які прарваўся да мікрафона, і ў зале ўпершыню прагучалі словы пра падступны Захад.

«Маё меркаванне — гэта ўплыў на розум. Гэта ўсё ідзе з Захаду, тут грае ролю тое, што яны хочуць знішчыць мозг маладога чалавека, змяніць каштоўнасці, і калі ласка — краіна нашая», — выклікаў усмешку некаторых госцей хлопец.

Яму адказаў кіраўнік усяго МААПа Зміцер Варанюк.

«Я трохі вывучаў гэтае пытанне, кансультаваўся са спецамі з наркакантролю, — сказаў ён. — І, спасылаючыся на іх, магу сказаць, што першыя парашкі, што паступалі да нас, выкарыстоўваюцца ў Кітаі як зброя для знішчэння груп ворага. Гэтыя парашкі могуць падмешваць у ежу, ваду, каб даводзіць варожых салдат да шаленства ці нават смерці. Але давайце таксама не забываць, што бляшанка піва вядзе да пляшкі гарэлкі, а пачак цыгарэт — да анкадыспансэра. Мы мусім гаварыць пра алкагалізацыю і табакакурэнне таксама».

На гэтым і скончылі. 

А потым усе выбітныя сябры МААП атрымалі ўзнагароды ад БРСМ за сваю «службу». 

У кулуарах сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ і камандзір Рэспубліканскага штабу МААП Зміцер Варанюк расказаў журналісту «Нашай Нівы» аб мэтах існавання такіх атрадаў. 

«Мы заўсёды выхоўваем патрыётаў. Але няма ўніверсальнага рэцэпта, ёсць агульныя падыходы, як той жа ўдзел у масавых мерапрыемствах, напрыклад Дзень дзяржаўных сімвалаў, праз прывіццё любові і павагі да сваёй зямлі. Ні пра аднаго нашага чалавека нельга сказаць, што ён не патрыёт. Як і пра вас нельга такога сказаць. Кожны можа бачыць будучыню краіны па-свойму, але ўсе мы любім Беларусь. Вось гэта мы і выхоўваем. Нават калі хлопцы ідуць патруляваць вуліцы, гэта не выглядае, як «ідзіце, лавіце людзей», гэта выглядае як «выходзьце і забяспечвайце парадак там, дзе жывеце вы, вашая маці і дзяўчына», — сказаў Зміцер.

«У нас няма і задачы паставіць лішніх 40—50 чалавек у міліцыю. Так, хочуць далей служыць шмат хто, але на практыцы мала ў каго атрымліваецца, бо пасля ўнівера ідзе першае месца работы, сям’я, дзеці», — разважаў кіраўнік МААП і з надзеяй дадаў, што «служба» у МААП навучыць ягоных хлопцаў выходзіць з крызісных сітуацый, а таксама спакою і законнасці. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?