Міністэрства гандлю гатовае разгледзець магчымасць зняцця абмежаванняў з продажаў алкаголю ў інтэрнэт-крамах краіны, калі такое пытанне паўстане на парадку дня.

Пра гэта заявіла начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства гандлю Віялета Бразоўская падчас круглага стала «На сваім полі: як беларускаму вытворцу уласны рынак не выпусціць», які адбыўся ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

Рэгуляванне продажу алкагольнай прадукцыі, ды і любой іншай, якая мае спецыфічныя асаблівасці, у розных краінах вядзецца рознымі спосабамі. У Беларусі аптовы і рознічны гандаль алкаголем — гэта ліцэнзаваны від дзейнасці, гэта значыць суб'екты гандлю абавязаныя выконваць пэўныя патрабаванні, устаноўленыя заканадаўствам, падкрэсліла Віялета Бразоўская. У прыватнасці, прадаваць алкаголь можна толькі ў краме, павільёне з гандлёвай плошчай 50 кв.м і больш, нельга прадаваць алкаголь у дробнарознічнай сетцы, у памяшканнях, дзе размешчаныя ўстановы адукацыі, арганізацыі аховы здароўя, дзіцячыя тэатральна-відовішчныя і культурна-асветніцкія ўстановы, інтэрнаты, з прымяненнем інтэрнэт-тэхналогій.

«Гэтыя абмежаванні склаліся гістарычна, дзейнічаюць шмат гадоў і няўхільна выконваюцца», — адзначыла прадстаўнік Мінгандлю.

Зрэшты, многія пытанні, лічыць начальнік упраўлення Міністэрства гандлю, толькі забаронамі не вырашыш. «Мы разумеем, што неабходна развіваць нацыянальны гандаль, у тым ліку і анлайн, і калі пытанне — ці дазваляць гандаль алкаголем праз інтэрнэт-крамы — будзе пастаўленае, яго неабходна абмеркаваць з грамадскасцю, бізнэс-саюзамі, вытворцамі, праваахоўнымі і падатковымі органамі, паколькі гэта тавар спецыфічны», — упэўненая Віялета Бразоўская.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?