Дзяржаўнае вытворчае аб`яднанне «Белэнерга» і ўкраінская энергетычная кампанія «ДТЭК Энерга» падпісалі мемарандум аб стратэгічным супрацоўніцтве ў энергетычнай сферы.

Як паведамілі ў «ДТЭК Энерга», важным напрамкам супрацоўніцтва стане прыцягненне спецыялістаў «Белэнерга» да ўдзелу ў рамонтах і рэканструкцыях на ўкраінскіх цеплаэлектрастанцыях.

Мемарандум таксама прадугледжвае імпартныя пастаўкі ўкраінскай электраэнергіі для пакрыцця дэфіцыту магутнасці ў энергасістэме Беларусі. Згодна з зацверджаным прагнозным энергабалансам на 2016 год, энергасістэма Украіны будзе мець прафіцыт па наяўнасці свабодных генерыруючых магутнасцяў, забяспечаных палівам. Умовы камерцыйных паставак электраэнергіі з Украіны ў Беларусь бакі абмяркуюць да канца 1-га квартала 2016 года.

У рамках мемарандума бакі дамовіліся аб патэнцыйным экспарце электраэнергіі з Беларусі пры ўзнікненні дэфіцыту магутнасці ў энергасістэме Украіны з-за парушэння паставак вугалю на цеплаэлектрастанцыі краіны.

«Мемарандум пабудаваны на прынцыпах узаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай, — адзначыў генеральны дырэктар» ДТЭК Энерга» Усевалад Старухін. — Сёння, ва ўмовах эканамічнага крызісу, важна шукаць і рэалізоўваць дадатковыя магчымасці супрацоўніцтва для падтрымання эканомік нашых краін. Вялікі вопыт і высокі ўзровень абслугоўвання аб`ектаў цеплавой генерацыі Беларусі будзе запатрабаваны ў рамонтных кампаніях ЦЭС ДТЭК і створыць дадатковы рынак паслуг для беларускіх спецыялістаў. Экспартна-імпартныя пастаўкі электраэнергіі дазволяць дыверсіфікаваць рызыкі і забяспечыць надзейнасць працы энергетычных сістэм абедзвюх краін».

Нагадаем, 5 лютага міністр энергетыкі і вугальнай прамысловасці Украіны Уладзімір Дзямчышын паведаміў, што ўжо ў сакавіку Украіна можа аднавіць паўнавартасны экспарт электраэнергіі ў Беларусь.

«ДТЭК» пастаўляла электраэнергію ў Беларусь з 2010 года — тады доля Беларусі ў агульным аб`ёме экспарту электраэнергіі з Украіны дасягала 70%. У 2014 годзе пастаўкі скараціліся ў сувязі з дэфіцытам магутнасці ў энергасістэме Украіны, а ў 2015-м экспарт не ажыццяўляўся зусім.

Перамовы аб аднаўленні паставак пачаліся ў канцы мінулага года. Прадстаўнікі «ДТЭК» заяўляюць, што Беларусь «была і застаецца стратэгічным партнёрам Украіны ў энергетычным сектары».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?