Пінскія следчыя высвятляюць акалічнасці забойства 50-гадовай жанчыны.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, ва ўчыненні злачынства падазраюць мужа загінулай.

Устаноўлена, што ўвечары 6 лютага муж і жонка, жыхары Пінска, прыехалі на сваю дачу, размешчаную ў садовым таварыстве ў Пінскім раёне. Падчас распівання спіртных напояў паміж імі здарыўся канфлікт, і 50-гадовы муж нанёс жонцы ўдар нагой у галаву, а рукой схапіў за шыю. Калі пінчанін зразумеў, што 50-гадовая жонка не падае прыкмет жыцця, паспрабаваў правесці рэанімацыйныя дзеянні, аднак безвынікова.

Мужчына выклікаў супрацоўнікаў хуткай дапамогі, якія канстатавалі смерць пацярпелай. Медыкам і следча-аператыўнай групе пінчанін растлумачыў, што жонцы стала блага і яна страціла прытомнасць.

Для ўстанаўлення прычыны смерці жанчыны была прызначаная судова-медыцынская экспертыза, якая выявіла крымінальны характар гібелі — удушэнне.

Пінскі міжраённы аддзел Следчага камітэта распачаў справу на падставе ч. 1 арт. 139 КК (забойства). Затрыманы паводле падазрэння ў забойстве муж загінулай прызнаўся ў зробленым. Ён змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.

Для высвятлення ўсіх акалічнасцяў здарэння прызначаны комплекс экспертных даследаванняў, дапытваюцца знаёмыя сямейнай пары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?