Калегія грамадзянскіх справаў Гомельскага абласнога суду адхіліла скаргу маці Зьмітра Жалезьнічэнкі на рашэньне судзьдзі Цэнтральнага раёну Гомеля Жаны Андрэйчык наконт правамернасьці паўторнага адлічэньня сына з унівэрсытэту імя Ф. Скарыны.

Рашэньне набыло юрыдычную моц, і цяпер Зьміцер Жалезьнічэнка павінен будзе служыць у войску паўтара гады.

«Канешне, я зьвярнуся яшчэ з заявай у Вярхоўны суд Беларусі. Калі і там прызнаюць абгрунтаваным адлічэньне майго сына з унівэрсытэту, буду зьвяртацца па абарону ў міжнародныя структуры», — сказала Ала Жалезьнічэнка.

Нагадаем, што летась у верасьні рэктар Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф.Скарыны Аляксандр Рагачоў сваім загадам адлічыў з навучальнай установы выдатніка трэцяга курсу матэматычнага факультэту Зьмітра Жалезьнічэнку нібыта за парушэньне правілаў унутранага працоўнага распарадку. Аднак праваабаронцы перакананыя, што ўнівэрсытэт проста пазбавіўся ад грамадзкага актывіста дэмакратычнага накірунку, які вызначаўся сваёй актыўнай грамадзянскай пазыцыяй і моцным уплывам на студэнцкі асяродак.

Зьміцер праз суд дамогся аднаўленьня на вучобу ў вышэйшай навучальнай установе. Аднак 22 студзеня рэктар Рагачоў паўторна адлічыў выдатніка з унівэрсытэту.

Праз два дні Зьмітра тэрмінова прызвалі ў войска. Ён служыць цяпер без прыняцьця прысягі ў Жлобіне ў транспартнай вайсковай частцы №83469.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0