Новыя тарыфы на дадатковыя платныя паслугі, якія аказваюцца органамі, што рэгіструюць акты грамадзянскага стану Мінска, зацверджаныя з 15 лютага 2016 года. Пра гэта паведаміла начальнік аддзела прававога абслугоўвання грамадзян, арганізацый і ідэалагічнай працы галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама Кацярына Кочык.

belayarus.by

belayarus.by

Такое рашэнне утрымліваецца ў пастанове калегіі профільнага ўпраўлення гарвыканкама №4.

Па словах начальніка аддзела загс адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы Юліі Вінаградавай, з 15 лютага ў горадзе падаражэюць паслугі па ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу.

Найбольшы рост адбудзецца на паслугу па рэгістрацыі заключэння шлюбу ва ўрачыстай абстаноўцы і ў спецыяльна абсталяваным памяшканні: амаль у 3,7 разы (з 149,9 тысяч да 550 тысяч рублёў). У 2,6 разы больш, або 650 тысяч, заплацяць маладыя за ўрачыстую абстаноўку рэгістрацыі шлюбу з прыцягненнем акампаніятара. За выезд для рэгістрацыі шлюбу да месца правядзення ўрачыстасці трэба будзе заплаціць у 2,4 разы больш — 850 тысяч (за 1 гадзіну, без уліку транспарту). Шлюбная ўрачыстасць па індывідуальным сцэнары з удзелам калектыву (у тым ліку музычнага) абыдзецца без малога ўдвая больш — у 1,9 млн.

«Тарыфы на дадатковыя платныя паслугі загсаў не мяняліся ў Мінску 3 гады. Іх павелічэнне выклікана аб'ектыўнымі абставінамі», — патлумачыла Юлія Вінаградава.

Рэгістрацыя заключэння шлюбу ва ўрачыстай абстаноўцы па індывідуальным сцэнары распрацоўваецца з улікам пажаданняў грамадзян. Разам з тым Юлія Вінаградава канстатавала, што паслуга загсаў па распрацоўцы індывідуальнага сцэнара практычна не запатрабаваная. У 2014 годзе аддзел загс адміністрацыі Першамайскага раёна правёў 5 такіх рэгістрацый, а ў 2015-м — ніводнай. «Індывідуальны сцэнар прапрацаваць складана. Таго, што мы прапануем (з акампаніятарам або без яго), цалкам дастаткова. Як правіла, пары агаворваюць умовы ўрачыстасці (напрыклад, прамаўленне клятвы ў прысутнасці гасцей), а мы афармляем пажаданні ў сцэнарны план», — сказала суразмоўца.

Пастановай калегіі галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама з 15 лютага зацверджаныя правілы правядзення адміністрацыйнай працэдуры «Рэгістрацыя заключэння шлюбу», а таксама нормы часу. Раней яны не былі рэгламентаваныя. Так, на рэгістрацыю шлюбу ў летні перыяд адводзіцца 20 хвілін, у зімова-асенні — больш часу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?