Партыя БНФ мае намер падаць у суд на вярхоўнага атамана грамадскага аб'яднання «Беларускае казацтва» экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Улаховіча за параўнанне з «Ісламскай дзяржавай», паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Выступаючы 6 лютага ў Мінску на пазачарговым сёмым вялікім крузе казакоў, Улаховіч, у прыватнасці, заявіў: «Як ніколі нашай радзіме Беларусі неабходныя спакой і вытрымка, а не хаос і лжэдэмакратыя, якія спарадзілі ІД на Блізкім Усходзе ці нешта яму падобнае… Але у нас ужо ёсць франты — БНФ, «Малады фронт», якія ў самы раз падобныя да ІД, імкнуцца да каляровай рэвалюцыі ў Беларусі».

«Мы лічым такія выказванні абсалютна недапушчальнымі, — сказаў Янукевіч. — Відавочна, што гэта з'яўляецца часткай расейскай прапаганды. Мы бачым, як удзельнікаў украінскай рэвалюцыі расійскія СМІ і палітыкі неаднаразова называлі фашыстамі, экстрэмістамі і гэтак далей. Мы бачым, што цяпер разгортваецца інфармацыйная атака на Беларусь. Патрыятычныя беларускія сілы, якія дзейнічаюць у адпаведнасці з заканадаўствам, выключна ў нацыянальных інтарэсах Беларусі, пачынаюць ачарняць, ляпіць на іх ярлыкі».

«ІД — гэта тэрарыстычная арганізацыя, адказная за забойства тысяч мірных грамадзян, — адзначыў лідар Партыі БНФ. — І, безумоўна, выкарыстанне назваў нашай арганізацыі і ІД недапушчальнае. Мы праз суд будзем патрабаваць ад Улаховіча выбачэнняў і дэзавуявання гэтых заяў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?