«Наша Ніва»: Калі і каму прыйшла ідэя стварыць Таварыства нямецкай мовы?

Герман Дытэр: Такая думка нарадзілася восем гадоў таму і ня ў мовазнаўца, а ў статыстыка і матэматыка, выкладчыка ўнівэрсытэту ў Дортмундзе, прафэсара Вальтэра Крэмэра. У яго літаральна лопнула цярпеньне, калі стваральніца моднай вопраткі Жыль Сандэр (паводле нараджэньня немка з Гамбургу) пачала рэклямную кампанію на такой мове, якая да нямецкай ня мела амаль ніякага дачыненьня. Прафэсар заклікаў: немцы, давайце заснуём зьвяз, які будзе змагацца з гэтай праклятай маніяй перайманьня англіцызмаў! Так і зьявілася Таварыства нямецкай мовы.

«НН»: Ці шмат людзей падзяляюць вашыя мэты?

ГД: Сёньня ў Нямеччыне мы маем 12 тысяч сяброў, а па ўсім сьвеце — у больш чым 30 краінах — 25 тысяч. Асабліва шмат да нас далучаецца выкладчыкаў, якія вучаць нямецкай мове людзей за мяжой. Ёсьць у нас сябры і ў Беларусі.

«НН»: А ворагі ў Таварыства ёсьць?

ГД: Супраць нас найчасьцей выступаюць мовазнаўцы-германісты зь нямецкіх унівэрсытэтаў, якія лічаць перайманьне англіцызмаў нармальнай зьявай.

«НН»: Хіба ж гэта не нармальна?

ГД: Гэта проста неймаверна, што цяпер творыцца з мовай, перш за ўсё ў рэкляме, а таксама ў мас-мэдыях. Вось ёсьць выдатнае нямецкае слова «torwart» — варатар. Чаму тэлекамэнтатары выкарыстоўваюць слова «галкіпэр»? Чаму абавязкова пераймаць ангельскія словы, калі ў нас ёсьць трапныя і старажытныя нямецкія адпаведнікі?

«НН»: Неяк ня надта добразычліва Вы ставіцеся да мовы Шэксьпіра…

ГД: Мы ня маем нічога супраць ангельскай мовы, я сам ёй добра валодаю, але нам не падабаецца гэтая бессэнсоўная, высмактаная з пальца назойлівая мода, дзеля якой немцы кідаюцца на першыя-лепшыя ангельскія слоўцы, замест таго каб карыстацца ўласнай мовай.

«НН»: Разам з тым нельга сказаць, каб нямецкая мова была на мяжы зьнікненьня. У чым сэнс абараняць яе ад уплыву іншых моў?

ГД: Мы лічым так: калі нямецкая мова будзе захоўвацца ды ўзмацняцца, тады ня будзе зьнікаць цікавасьць да яе і за мяжой. З мовай трэба абыходзіцца асьцярожна і ня ўсё новае, імпазантнае ды сучаснае бяздумна пераймаць.

«НН»: Што Таварыства робіць для таго, каб дапамагчы мове?

ГД: Напрыклад, кожны год мы выбіраем «Моўнага фальсыфікатара», то бок асобу, якая асабліва пашчыравала на ніве забіваньня нямецкай мовы англіцызмамі. Сярод «уганараваных» гэтым тытулам — дырэктар аднаго з буйных нямецкіх музэяў, адзін з кіраўнікоў нямецкага прадпрыемства сувязі, а яшчэ вышэйзгаданая Жыль Сандэр.

«НН»: Чаму нямецкая мова так лёгка падпадае пад уплыў ангельскай?

ГД: У нас даволі няпростая мінуўшчына. Ёсьць шмат людзей, якія лічаць, што нацыя, спарадзіўшая нацыянал-сацыялізм з усімі яго вынікамі, ня можа з чыстым сумленьнем змагацца за чысьціню нямецкай мовы. Мы з гэтым ня згодны. Мы ня можам адмаўляцца ад сваёй мінуўшчыны — ні ад яе добрых, ні ад дрэнных старонак. Але нямецкая мова — гэта наш нацыянальны скарб. Так, мы павінны клапаціцца пра тое, каб яна была сучаснай і адкрытай мовай і каб ёю больш ня злоўжывалі так, як ёю злоўжывалі нацысты. Але для гэтага нямецкая мова перш за ўсё павінна захавацца.

«НН»: Што трэба рабіць беларусам, каб не дапусьціць зьнікненьня сваёй мовы?

ГД: Тыя, каму баліць лёс мовы, павінны заахвочваць іншых людзей ужываць яе там, дзе толькі гэта магчыма. Перш за ўсё, варта адмаўляцца ад непатрэбных англіцызмаў. Трэба бамбардаваць прадпрыемствы лістамі з патрабаваньнем ужываць родную мову. Увагу варта надаваць і тым прадстаўніцтвам замежных фірмаў, якія жадаюць весьці большую частку ўнутранага справаводзтва і камунікацыі па-ангельску. Трэба патрабаваць прыняцьця закону, які гарантуе, што як мінімум надпісы-папярэджаньні і паказальнікі на вуліцах будуць выконвацца на роднай мове. А таксама раз-пораз праводзіць яскравыя акцыі, якія паказвалі б прыгажосьць мовы. У тым ліку на вуліцы.

«НН»: Многія зь беларусаў саромеюцца размаўляць па-свойму. Што Вы можаце ім параіць?

ГД: Кожная мова вырастае з волі тых, хто яе ўжывае, надалей удасканальваць гэтую мову. Ёсьць краіны, жыхары якіх саромеюцца ўжываць мову продкаў, бо яна, маўляў, «вясковая». Але акурат тыя самыя «вясковыя мовы» маюць асабліва вялікі патэнцыял, бо здольныя падбіраць нечакана выразныя найменьні для новых рэчаў. Аднак гэты патэнцыял рэалізуецца толькі тады, калі таго жадаюць носьбіты мовы.

«НН»: Калі мова памірае?

ГД: Сьмерць мовы пачынаецца ў той момант, калі яе носьбіты перастаюць сумленна намагацца называць сваімі словамі новыя рэчы ці хаця б спрабаваць асыміляваць, перарабляць на свой лад запазычаныя замежныя словы. Можна назваць сьмяротна хворай тую мову, калі ў ёй больш немагчыма дакладна адлюстраваць важныя навуковыя, культурныя ды гаспадарчыя зьявы. Мова пачынае паміраць, калі зь яе больш не перакладаюць на іншыя мовы. Але ўласна сьмерць мовы прыходзіць толькі тады, калі памірае апошні чалавек, які на ёй размаўляе.

«НН»: Што такое мова для народа?

ГД: У першую чаргу — агульны сродак самаідэнтыфікацыі і салідарызацыі ў сучаснасьці для стварэньня супольнай будучыні на грунце прыманьня агульнага мінулага. Народ — супольнасьць людзей, якую аб’яднаў агульны лёс. Мова перадае самыя важныя рысы, агульныя для ўсіх прадстаўнікоў гэтай супольнасьці. Таксама мова — сродак паразумецца і спазнаваць сьвет. Няродная, замежная мова можа выконваць толькі другую функцыю, але ня першую. Па-мойму, па сэнсе хутчэй наадварот. І тое не напоўніцу. Мова іншага народу можа выкарыстоўвацца для перадачы назапашаных ведаў (апошнім часам найбольш эфэктыўна ў сьвеце гэта забясьпечвае ангельская мова), а вось для стварэньня новых ведаў, для творчасьці найлепш прыдаецца сваё роднае слова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?