Увоз тавараў звыш 300 еўра часцей чым раз на квартал будзе абкладацца мытнымі плацяжамі, заявіў сёння журналістам намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі, каментуючы нормы ўказа № 40, падпісанага сёння кіраўніком дзяржавы.

«Указам унесеныя змены ў парадак перамяшчэння тавараў для асабістага карыстання праз аўтамабільныя і чыгуначныя пункты пропуску. Дзеючая норма ў 1,5 тыс. еўра і 50 кг бяспошліннага ўвозу застаецца дзейнічаць, але калі грамадзяне будуць перасякаць мяжу часцей як раз на тры месяцы, то тавары сумай звыш за 300 еўра не будуць прызнавацца мытнымі органамі таварамі для асабістага карыстання, а такім чынам будуць абкладацца мытнымі плацяжамі», — адзначыў Уладзімір Арлоўскі.

Паводле яго слоў, згодна з вынікамі абследавання фізічных асоб у аўтадарожных пунктах пропуску на мяжы Беларусі, праведзенага Нацыянальным статыстычным камітэтам і Дзяржаўным мытным камітэтам у 2015 годзе, больш за 70% рэспандэнтаў паказалі суму расходаў пры паездцы за мяжу да 300 еўра.

Палажэнні ўказа не будуць прымяняцца ў дачыненні да асобных катэгорый тавараў, рызыка ўвозу якіх у камерцыйных мэтах мінімальная. Гаворка ідзе пра тавары, што ўвозяцца паветраным транспартам, супрацоўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, а таксама тавараў, якія былі вывезеныя раней і ўвозяцца фізічнымі асобамі назад.

Уладзімір Арлоўскі падкрэсліў, што нормы ўказа адпавядаюць нормам, што прымяняюцца ў дзяржавах Еўрапейскага саюза. «У Еўрапейскім саюзе норма бяспошліннага ўвозу тавараў, што перамяшчаюцца наземным транспартам, складае 300 еўра ў незалежнасці ад частаты перасячэння мяжы», — сказаў намеснік старшыні ДМК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?