У суботу 12 красавіка ў Кіеве скончыўся фэстываль сучаснай беларускай культуры «Беларуская вясна», які трываў тут ад 22 сакавіка.

Яго арганізатарам была Ініцыятыва «Салідарнасьць», а партнэрамі і суарганізатарамі — Моладзевы цэнтар «Капонір», Арт‑студыя «Вирій», Кінаклюб КМА, А‑Кіно, Часопіс культурнага супраціву «ШО», виданьні «Тэлекрытыка», Галерэя «РА» і Група эўрапейскай стратэгіі.

Апошняя падзея фэстывалю мела форму беларускай літаратурнай вечарыны ў Кіева‑Магілянскай акадэміі. Яе вялі Андрэй Хадановіч і маладая ўкраінская пісьменьніца і перакладчыца Багдана Маціяш. Вечарыну распачаў Віктар Жыбуль чытаньнем верша про парашутыста, а гледачы тым часам праколвалі шматлікія паветраныя шарыкі, якімі быў абвешаны паэт. Далей Наталка Бабіна распавяла пра кніжную сэрыю «Кнігарня «Наша Ніва»« і прачытала ўрывак з свайго новага раману «Рыбін Горад». Кася Квяткоўска апавядала, як стваралася яе кніга «Кастусёў дзёньнік». Севярын Квяткоўскі прачытаў колькі фрашак з сваёй зборкі «Фрашкі да пляшкі», Сяргей Прылуцкі — фрагмэнты з сваёй кнігі «Дзевяностыя forever», Уладзіслаў Ахроменка і Максім Клімковіч гаварылі пра сваю кнігу «Янкі, альбо Астатні наезд на Літве», а Андрэй Хадановіч прачытаў пару сваіх «Бэрлібрів».

Другой часткай вечарыны стаў міждзяржаўны паэтычны слэм між зборнымі паэтаў Беларусі і Ўкраіни. Ён сабраў блізка сотні заўзятараў, што надзвычай эмацыйна рэагавалі на ход змаганьня. Слэм‑майстрАм быў Арцём Паляжака. Беларусь прадстаўлялі Вера Бурлак, Віктар Жыбуль, Марыйка Мартысевіч і трэнэр на полі Андрэй Хадановіч, Украіну — Сяргей Панцюк, Сьвятлана Паваляева, Паўло Карабчук, Алег Коцараў, Лора (Львоў) і трэнэр на полі Дмытро Лазуткін. Перамогу і прыз часопісу»ШО» здабыла зборная Беларусі.

Наступным вечарам беларускія ўдзельнікі фэстывалю вырушылі ў Львоў, дзе ў панядзелак 14 красавіка таксама мае прайсьці беларуская літаратурная вечарына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?