У панядзелак Эхуд Ольмерт стаў першым экс-прэм'ер-міністрам Ізраіля, якi адбывае турэмнае пакаранне. У прамым эфіры ізраільскага тэлебачання 70-гадовы былы кіраўнік урада увайшоў на тэрыторыю гарадской турмы ў Рамле, размешчанай у 24 кіламетрах на ўсход ад Тэль-Авіва.
Раніцай таго ж дня Ольмерт апублікаваў відэазварот, у якім, як і на судзе, ён зноў заявіў пра сваю невінаватасць. «Я цалкам адмаўляю ўсе абвінавачванні ў хабарніцтве, — падкрэсліў ён. — З цяжкім сэрцам я прымаю свой прысуд. Закон вышэй за любога з нас». Ён прызнаў, што на працягу сваёй доўгай палітычнай кар'еры «здзяйсняў памылкі», ніводную з якіх не можа назваць «злачыннай па сваёй сутнасці». «Я плачу высокую цану за некаторыя з іх, магчыма, нават занадта высокую», - рэзюмаваў ён.
Абвінавачванні ў хабарніцтве датычацца больш ранняга перыяду ў кар'еры Ольмерта — да таго, як ён уступіў на пасаду прэм'ера Ізраіля. У тыя гады ён займаў, сярод іншага, пасады мэра Іерусаліма і міністра эканомікі.
***
29 снежня Вярхоўны суд Ізраіля скараціў тэрмін зняволення Ольмерта пад вартай з шасці гадоў да 18 месяцаў. Вясной 2014 года палітык быў прызнаны вінаватым у атрыманні хабару за садзейнічанне ў будаўніцтве прэстыжнага жылога комплексу «Холілэнд» і прысуджаны да васьмі гадоў зняволення, у тым ліку да двух гадоў умоўна. Пазней, у 2015 годзе, суд Ерусаліма прызнаў ізраільскага экс-прэм'ера вінаватым у незаконным атрыманні фінансавай дапамогі ад амерыканскага бізнесмена Морыса Таланскі. Па гэтай справе палітык быў прысуджаны да васьмі месяцаў турэмнага зняволення.
Ольмерт займаў пасаду мэра Іерусаліма з 1993 па 2003 год, а затым перайшоў на працу ва ўрад Ізраіля. З 2006 па 2009 год ён кіраваў кабінетам міністраў. Ольмерт быў вымушаны сысці ў адстаўку з пасады прэм'ер-міністра з-за абвінавачванняў у хабарніцтве.