Аляксандр Лукашэнка патрабуе зніжэння сабекошту прадукцыі на 25%. Пра гэта ён заявіў 16 лютага на нарадзе аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
«Важныя павышэнне якасці тавараў і паслуг, зніжэнне іх сабекошту, стрымліванне інфляцыі, збалансаванасць бюджэту. Слухайце, колькі можна пра гэта казаць?!» — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да прысутных.
«У нас што, няма магчымасці сабекошт скараціць на 25%? Вы ж паглядзіце: мы ў 10 разоў адстаем ад Заходняй Еўропы, маючы лепшыя цэны на сыравіну і энерганосьбіты!» — сказаў ён.
«Канкрэтная лічба: зніжэнне сабекошту на 25%, — паставіў задачу Лукашэнка. — І гэтую лічбу паніжэння не ўдасца нікому нарысаваць. Ці пойдзеце пад суд, калі паспрабуеце гэта зрабіць!»
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў таксама пошуку дадатковых рэзерваў эканамічнага росту і іх эфектыўнага выкарыстання. «Іх — мноства! Мы ідзем і спатыкаемся аб гэтыя рэзервы! Як на рэспубліканскім, галіновым, так і на рэгіянальным і мясцовых узроўнях гэтыя рэзервы трэба рэалізаваць!» — заявіў ён.
Пры гэтым Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што рэалізацыя на практыцы рэзерваў эканамічнага росту магчымая толькі ва ўмовах ініцыятыўнай і эфектыўнай працы кіраўнікоў прадпрыемстваў, прыняцця вертыкаллю ўлады рашучых і сістэмных мер. «На жаль, цяпер не ўсе кіруючыя кадры накіраваныя на атрыманне выніку. Некаторыя ўвесь час чакаюць дзяржпадтрымкі — і фінансавай, і арганізацыйнай. Не чакайце нічога, зыходзіце з уласных магчымасцяў! Будзе магчымасць — нешта вам дабавяць, гэта будзе звыш таго. Але ніхто не будзе за вас працаваць!» — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.