«Нельга забудоўваць наваколлі замка хрушчоўкамі! — пратэстуе жыхар горада. — Трэба захоўваць унікальнасць Навагрудка і на мінскім кірунку разбудоўваць яго толькі індывідуальнымі дамамі». Аўтары генплана даказваюць: краявіды першай сталіцы ВКЛ не пагоршаюць.

У Рэдакцыю «Нашай Нівы» прыйшоў ліст ад Змітра Солтана з Навагрудка. Ён піша, што новы генплан горада пагражае ўнікальным краявідам другой беларускай сталіцы. Праектанты не згаджаюцца: пакінуць усё як ёсць — яшчэ большая пагроза для горада, кажуць яны.

Солтан: Унікальны краявід перакрыюць «хрушчоўкі»

«Хутка знакаміты навагрудскі краявід, панарама магутнай прыроды, якая адкрываецца з Замкавай гары, можа знікнуць назаўсёды, — піша Зміцер Солтан. — Яе перакрыюць «хрушчоўкі». Гэта вынікае з новага генплана горада. Ён канчаткова не прыняты, і мы маем шанец перашкодзіць знішчэнню.

Вялікая тэрыторыя ў мінскім кірунку, за Фарным касцёлам, дзе Ягайла браў шлюб з Соф’яй Гальшанскай, за 900 метраў ад замка, практычна адразу за легендарным месцам пахавання Міндоўга… Чыноўнікі з Навагрудскага выканкама прапануюць аддаць яе пад будаўніцтва шматпавярховага шматкватэрнага жылля, а калі па-простаму, «хрушчовак». Побач намячаецца вялікая прамзона. Адразу за зонай — могілкі. Такое вось сацыялістычнае планаванне.

У горадзе і каля яго шмат дзе можна размясціць такое сацыяльнае жыллё. Будаваць прамзоны ў горадзе — маветон.

У выпадку рэалізацыі плана горад пазбавіцца непаўторнай аўры, — працягвае Зміцер. — Колькасць турыстаў скароціцца, бо турысты сюды едуць не толькі ўбачыць замак, але і цудоўныя маляўнічыя мясціны, замкавыя краявіды, якія мала змяніліся за тысячу гадоў. Замак і яго панарама — адно цэлае».

Чыноўнікі не могуць ці не хочуць?

Фота Сяргея Зініна.

Фота Сяргея Зініна.

«Для Навагрудка як горада, які ўваходзіць у залатое турыстычнае кола Беларусі, найлепшай і адзінай правільнай з’яўляецца не мінская мадэль, дзе адна-дзве вёскі змяшчаюцца ў некалькіх панэльных дамах, а развіццё жылых кварталаў як культурнай прасторы, кампактных малапавярховых забудоў, падтрымка прыватных дамоў сядзібнага тыпу, — піша Солтан. — Канечне, у мясцовых чыноўнікаў ёсць пара аргументаў у рукаве. Першы — гораду трэба развіццё, жыллё, праца і сацыяльныя аб’екты. Другі — у Беларусі дзейнічае закон, паводле якога нібы нельга выходзіць на сельгасугоддзі, а ў межах горада больш няма свабодных тэрыторый, акрамя гэтых. Але пару гадоў таму горадам былі выдзеленыя землі пад прыватную катэджную забудову на былых сельскагаспадарчых землях. Значыць, у кампетэнцыі ўладаў вырашаць такія пытанні. Гэта іх праца і абавязак ездзіць у Гродна, Мінск і прасіць выдзеліць землі ў бок Бярозаўкі ці Слоніма. Іншая справа, што можа проста не хочуць?!»

У якасці ўзору дбання ўладаў пра аўтэнтычнасць забудовы Зміцер прыводзіць турэцкую гісторыю 2014 года, калі Дзяржаўная рада Турцыі пастанавіла знесці тры вежы жылога комплексу OnaltiDokuz Residence, якія, на думку рады, разбуралі гістарычную панараму Стамбула.

«У Навагрудка адзіны шлях — турыстычны, з разбудаванай сферай паслуг і дробнымі прыватнымі прадпрыемствамі. Навошта гораду псаваць тое, з чаго ён можа карміцца ў будучым? Навошта ствараць будучаму пакаленню праблему з вынасам «хрушчоб» і прамзоны за межы гістарычных краявідаў? Гэта ж мільёны даляраў. Зямля, наваколле, гісторыя, культура, прырода не належаць чыноўнікам. Гэта супольны здабытак нашага народа, і таму трэба яго бараніць», — падсумоўвае чытач.

Нават краявіды Наваградчыны дарагія беларускаму сэрцу. Фота Сяргея Зініна.

Нават краявіды Наваградчыны дарагія беларускаму сэрцу. Фота Сяргея Зініна.

Архітэктар: Будуць 2- і 3-павярховікі, прычым за 1200 метраў ад касцёла

Карэспандэнт «НН» звярнуўся па каментар да архітэктаркі, адказнай за праект — Наты Амяльчук. Яна сцвярджае, што ніводнаму генплану ў краіне не надавалася столькі ўвагі, колькі навагрудскаму. Размова са спадарыняй Натай заняла гадзіну, яна расказала пра ўсе акалічнасці складання плана забудовы.

«Ліст Солтана мы чыталі ўсім Інстытутам горадабудаўніцтва. Нават паказвалі чалавеку, адказнаму за ахоўныя зоны па ўсёй рэспубліцы, — пачала Ната. — Солтан піша, што краявід перакрыюць «хрушчоўкі». Але яны даўно не будуюцца, Хрушчова няма. І тыя страшэнныя панэлькі, што сёння ёсць у горадзе — гэта савецкая спадчына. Яны і мяне заганяюць у дэпрэсію, але я іх не будавала і не магу іх знесці, бо ў горада няма грошай, каб перасяліць людзей. І ўвогуле, у Навагрудку рэжым — нельга будаваць вышэй за пяць паверхаў. На тым месцы ў папярэднім генплане — цэлы грамадны масіў пад шматкватэрную забудову, а мы тут рэжымам пішам 2—3 паверхі. Так, у генплане мы закладаем дамы малой павярховасці, з пакатымі дахамі, якія будуць пачынацца за 1200 метраў ад касцёла. Іх мяркуецца пабудаваць да 2030 года. Мы акуратна да гэтага падышлі. Усё дэталёва абгаворвалася з Інстытутам рэканструкцыі, і каб дзе накасячылі з ахоўнымі зонамі, то не прайшлі б праверкі», — сцвярджае архітэктар.

«Я разумею, што горад адказны, асаблівы, — працягнула Ната. — Калі генплан перайшоў пад маё кіраўніцтва, то я нават паўзверх заканадаўства сабрала чатыры грамадскія абмеркаванні. Падключыла органы ўлады, давала абвесткі ў газеты, пачула ўсе прэтэнзіі і жаданні. Мне нават з Піцера нейкі прафесар па-беларуску лісты пісаў, дзе распісваў сваё бачанне.

Потым мы збіраліся і ў Мінску, у галерэі «Ў». Запрасілі журналістаў, навукоўцаў, каб кожны мог прыйсці і паўплываць, каб рашэнне не прымалася ўпотай. Мы паглядзелі мапу, нанеслі зоны аховы, усё нараджалася ў абмеркаванні. Потым Солтан пачаў пісаць мне лісты, на якія я адказвала і ўсё тлумачыла».

Краявід ужо не чысты

Фота Сяргея Зініна.

Фота Сяргея Зініна.

Паводле архітэктаркі, забудова не парушыць выгляду горада. Забудова плануецца нашмат далей за непасрэдныя наваколлі гары, якія вы бачыце, напрыклад, на гэтым здымку.

«Наконт гары Міндоўга. Як да гэтага гісторыкі падыходзяць? То бок ёсць нашая каштоўнасць, якая мусіць быць бачная. З дарогі, з іншых бакоў. А што датычыць віду з самой гары, то тут нават спецыялісты мне такіх прэтэнзій не выказвалі. Вельмі добра, што ён хоча бачыць з гары поле. Але калі туды залезці і ацаніць ландшафт, то там ужо стаяць два прадпрыемствы, адзін дом 5-павярховы тырчыць, тэхнікум відаць, які закрывае краявід. Гэтая тэрыторыя ўжо не чыстая. Гара — самае высокае месца ў горадзе. І што ні будуй у горадзе, яно будзе бачна адтуль», — сказала таксама Ната і адзначыла, што пакуль турыстычная прывабнасць у горада не надта вялікая.

«Гістарычны цэнтр — плошча Леніна і прыпынак насупраць касцёла. Што гэта такое? Увесь грузавы транспарт едзе праз цэнтр! І каб захаваць гэты цэнтр, мы прапісваем у генплане першае транспартнае кола, Паштовую вуліцу мусім зрабіць пешаходнай і вывесці транспарт з цэнтра, прыбраць прыпынак, створым сцежкі для раварыстаў. Іншая праблема — павялічыць плошчу паркаў у горадзе», — дадала Ната.

Генплан — гэта толькі прапанова

Фота Сяргея Зініна.

Фота Сяргея Зініна.

Таксама архітэктарка патлумачыла, што генплан — гэта схема стратэгічнага планавання горада, у ёй прапісваецца толькі, дзе што мусіць знаходзіцца. Дакумент перадаецца гарадскім уладам, якія знаходзяць інвестараў, гатовых забудаваць тую зямлю. Тады ўжо ствараецца дэталёвы план, дзе паказваецца, як будуць стаяць тыя дамы, а потым — праект забудовы. Гэта ўжо канкрэтна, як будуць тыя дамы выглядаць, якія будуць фасады і іншае. Таму, паводле спадарыні Наты, нашмат важней будзе пракантраляваць рэалізацыю генплана, каб замест 2- і 3-павярховых дамкоў не паўсталі пачварныя самабуды.

«Мы не чыноўнікі, мы не падпарадкоўваемся органам улады, мы проста з імі кантактуем, часта ўступаем у канфлікт. І ў горадзе настолькі складаны ландшафт, што там больш няма дзе сяліць людзей», — дадае Ната.

* * *

Свае прапановы што да генеральнага плана Навагрудка можна даслаць да 20 лютага на электронны адрас: [email protected], а таксама ў папяровай форме на адрас: г. Навагрудак, вул. Міцкевіча 11, Навагрудскі райвыканкам, аддзел архітэктуры і будаўніцтва. 231400

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?