У чарговым эфіры «Клуба рэдактараў» Генадзь Давыдзька заявіў, што супраць дзяржавы вядзецца… інфармацыйная вайна: «Нядаўна ажыццяўлялася атака на міліцыю, пасля — на членаў урада, а цяпер — на журналістаў, перайшлі на асобы. Гэта не крытыка, а менавіта атака».

Нагодай для такіх нападак на «Нашу Ніву» стала публікацыя на нашым сайце таго факта, што на старонцы ў сацсетцы тэлевядучага БТ Сяргея Гусачэнкі сталі з’яўляцца надпісы «Ёсць такая прафесія — ілгаць штовечар». За некалькі дзён да таго той прадстаўляў у эфіры сюжэт, дзе асуджаных па «справе графіцістаў» выставілі наркаманамі, што працуюць за валюту.

Абурэнне Давыдзькі не падзяліў кіраўнік «Советскай Белоруссіі» Павел Якубовіч. Ён заявіў, што не варта затыкаць рты і лічыць частку прэсы сумленнай, а частку — несумленнай. А пасля заклікаў рэдактараў недзяржаўных СМІ да ўдзелу ў «Клубе рэдактараў». На што Давыдзька заявіў, што «запрашалі, яны адмаўляюцца».

Што ж, раз так, прыйшла «Нашай Ніве» пара падняць архівы сваёй перапіскі са сп.Давыдзькам.

Тут трэба зрабіць экскурс у гісторыю.

Давыдзька ўзначаліў Белтэлерадыёкампанію пры канцы 2010 года. Неўзабаве ён запусціў «Клуб рэдактараў» — штотыднёвую тэлепраграму.

У ёй галоўныя рэдактары беларускіх СМІ абмяркоўваюць падзеі ў краіне і свеце.

«Нас часта папракалі, што ў нас толькі адно меркаванне. Калі ласка, прыходзьце ўсе, гаварыце. Любыя заяўкі ад любога выдання, любога разумнага чалавека будуць задаволены, і ён будзе запрошаны ў «Клуб рэдактараў». Тым больш калі мы выйдзем у жывы эфір. Мы нічога не баімся, не баімся чужога меркавання», — заявіў Давыдзька ў інтэрв’ю «Камсамольскай праўдзе» ў сакавіку 2011 года. (Мы, дарэчы, пра ўсё гэта паведамлялі.)

Імгненна, праз некалькі дзён, «НН» даслала сваю «заяўку». «Калі праграма будзе ісці ў жывым эфіры, гэта можа стаць асабліва значным унёскам у здабыццё свабоды слова беларускім грамадствам. Чытачы выказалі пажаданне, каб і рэдактары «Нашай Нівы» выступілі ў «Клубе рэдактараў». Будзем удзячныя за запрашэнне», — напісалі мы Давыдзьку. 

Пяць гадоў мінула, а рэакцыі на гэтую прапанову дагэтуль няма.

Такім чынам, насуперак словам Генадзя Браніслававіча, не толькі ён не запрашаў у эфір рэдактараў «НН», а рэдактары прапаноўвалі яму гэта і адказу не дачакаліся.

Як не дачакаліся жывога эфіру і гледачы. Праграмы чысцяцца, каб нічога «лішняга» не трапіла ў эфір. Але вернемся да гісторыі нашай перапіскі, якая мела працяг.

Падчас прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў студзені 2015 года «Наша Ніва» задала пытанне пра стварэнне беларускамоўнага дзіцячага тэлеканала — гэтай умовы выжывання роднай мовы, каб яе маглі засвойваць дзеці. Кіраўнік краіны тады паставіў некалькі ўмоваў і падсумаваў: «Калі вы здольныя стварыць канал — рабіце. Толькі каб людзі глядзелі вас».

Неўзабаве пасля таго «Наша Ніва» звярнулася да Давыдзькі з чарговай прапановай.

Памочнік Давыдзькі, В.Ткач, адказаў лаканічна.

Менавіта так: «аТсутнічае», «БелтэлерадЭёкампанія» (апошняе — не выпадкова, двойчы так напісана).

Мы не паверылі сваім вачам. Чатыры памылкі ў двух сказах. У кіраўніцтве Белтэлерадыёкампаніі не ўмеюць без памылак напісаць слова «радыё». Ну і профі! Ну і майстры слова! З шапкі бланка спісаць не ўмеюць, а на тэлебачанне пралезлі.

Пасмяяліся мы і паклалі той адказ у архіў. Не хацелася дыскрэдытаваць дзяржаўныя структуры публікацыяй. 

…Мы не ведаем прычыны «часовай непрацаздольнасці» заслужанага артыста Беларусі, які, задраўшы штаны, папёр на ідэалагічную перадавую. І ў «Клубе рэдактараў» ні Андрэя Дынько, ні Святланы Калінкінай, ні Іосіфа Сярэдзіча так і не пабачылі.

Пры гэтым Давыдзька працягвае паўтараць у эфіры «Беларусь-1», што запрашае недзяржаўныя СМІ да дыялогу. І ён жа зрабіў усё, каб пасварыцца з гэтымі СМІ. Без дай прычыны ён абліваў брудам па чарзе такія папулярныя выданні, як «Народная Воля», «Тут.бай», «Наша Ніва»…

Столькі карыснага, столькі канструктыўнага зрабілі недзяржаўныя СМІ за апошнія гады для павышэння эканамічнай граматнасці, грамадзянскай свядомасці, развіцця нацыянальнай культуры. І так, мы вострыя. Такой, толькі такой і павінна быць журналістыка.

А Генадзь Давыдзька, магчыма, не «часова непрацаздольны», а такі ж прафнепрыдатны, як і яго памочнік. Ці ж правільна, каб чалавек, які абсалютна не ведае цаны словам, вёў праграму, займаў пасаду старшыні Дзяржтэлерадыёкампаніі?

* * *

Чым займаюцца былыя старшыні Белтэлерадыёкампаніі?

Аляксандр Зімоўскі (2005—2010) — выехаў на работу ў Санкт-Пецярбург.

Уладзімір Мацвяйчук (2004—2005) — працуе ў сакратарыяце старшыні Вышэйшай дзяржаўнай рады саюзнай дзяржавы.

Ягор Рыбакоў (2001—2004) — быў прысуджаны да 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму за карупцыю.

Валерый Скварцоў (2001) — памёр праз 2,5 месяца пасля прызначэння.

Віктар Чыкін (2000—2001) — пайшоў на паніжэнне ў газету «7 дней».

Рыгор Кісель (1994—2000) — цяпер старшыня праўлення АНТ.

* * *

Чытайце яшчэ: Рэдактары недзяржаўных СМІ звярнуліся ў Белтэлерадыёкампанію

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?