Міністэрства фінансаў Расіі падало пазоў да Украіны ў Высокі суд Лондана, абвінаваціўшы Кіеў у нявыплаце крэдыту ў 3 млрд даляраў, паведаміў расійскі міністр фінансаў Антон Сілуанаў.

Гаворка ідзе пра доўг па выпушчаных у канцы 2013 года украінскіх еўрааблігацыях на 3 млрд даляраў, якія былі выкупленыя Расіяй.

Сілуанаў сказаў, што Кіеў павінен быў пагасіць доўг 21 снежня 2015 года, а 31 снежня скончыўся льготны перыяд для ўрэгулявання спрэчкі.

Украіна аказалася не гатовая весці перамовы па ўрэгуляванні доўгу ў духу «добрай волі», заявіў расійскі міністр.

Сілуанаў лічыць, што судовы працэс у Лондане будзе адкрытым і празрыстым.

«Лічу, судовы працэс у Англійскім судзе будзе адкрытым і празрыстым, і абарона правоў Расійскай Федэрацыі як крэдытора будзе ажыццяўляцца незалежным, аўтарытэтным судом, які бесстаронна разгледзіць спрэчку паміж двума суверэнамі, якая тычыцца невыканання даўгавых абавязацельстваў па еўрааблігацыях», — адзначыў ён.

17 снежня рада дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду прызнала афіцыйны статус доўгу Украіны перад Расіяй па еўрабондах.

На наступны дзень прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк заявіў аб увядзенні мараторыя на выплату доўгу перад Расіяй, пасля чаго міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў паведаміў, што Масква абскардзіць нявыплату доўгу ў судзе, калі ён не будзе згашаны да 31 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?