Жыхар Мазыра пасля святкавання ў Брэсце дня нараджэння скраў аўтамабіль, каб дабрацца дадому. Пра гэта паведаміла старшы інспектар аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС аблвыканкама Аляксандра Захарава.
Брэстаўчанін звярнуўся ў міліцыю з заявай аб згоне «Мазды-323» 16 лютага. Зніклую машыну супрацоўнікі ДАІ знайшлі паблізу вёскі Церабунь Брэсцкага раёна. Пашкоджаны аўтамабіль знаходзіўся ў кювеце. Самога згоншчыка на месцы ДТЗ, натуральна, не было. Яго праваахоўнікі затрымалі ў Брэсце. Дапамогу ў затрыманні зламысніка, якім аказаўся непрацуючы жыхар Мазыра 1995 года нараджэння, міліцыянтам аказалі вайскоўцы Брэсцкай пагрангрупы.
Як высветлілася, пасля вечарыны ў гонар свайго 21-годдзя маладому чалавеку не цярпелася дабрацца дадому. Ён пашкодзіў замок і запальванне аднаго з аўтамабіляў і адправіўся ў шлях. Але, паколькі мясцовасць ведаў кепска, пераблытаў паварот і апынуўся ў памежнай зоне. Затым не справіўся з кіраваннем і з'ехаў у кювет.
Зламыснік заключаны пад варту. Праваахоўнікі працягваюць высвятляць падрабязнасці здарэння. Таксама маладога чалавека правяраюць на датычнасць да іншых злачынстваў.