Не так даўно на сайце расійскага выдання «Взгляд» з’явіўся артыкул «Поле бітвы — Белоруссія». Цяпер у расійскіх медыя багата падобных публікацый. Таму на чарговы ўкід можна было б не звяртаць увагу, каб не асоба аўтара — гэта малады хлопец з Брэста Кірыл Азімка. Многія пазналі ў гэтым хлопцу беларускамоўнага і ўкраінскамоўнага паэта, які публікаваўся ў некаторых літаратурных выданнях. Мы патэлефанавалі спадару Азімку, каб папытацца, чаму ягоныя погляды мяняюцца. 

«Наша Ніва»: Вы бачыце ў Беларусі пагрозу для рускай культуры?

Кірыл Азімка: Пагроза ёсць. Яна заключаецца ў тым, што наша моладзь знаходзіцца пад уплывам усялякіх артыкулаў на празаходніх рэсурсах. Там культывуюць міфы, што беларусы ніякія не славяне, а балты, а рускія — фіна-вугры. Насамрэч мы — усходнія славяне, у нас была супольная дзяржава — Кіеўская Русь. Руская спадчына ў нас павінна падтрымлівацца, каб мы не забывалі свае карані, не гублялі сувязі са сваімі братамі.

«НН»: Вы пішаце, што Расія павінна дапамагаць Беларусі ў інфармацыйнай барацьбе з Захадам. Як вы гэта бачыце?

КА: Найперш трэба зберагчы Беларусь ад украінскага сцэнару. Ва Украіне СМІ настолькі прамылі мазгі моладзі, што яны азвярэлі, пачалі спальваць нязгодных. На жаль, цяпер у Беларусі найбольш чытаныя і папулярныя СМІ — гэта тыя, хто займае празаходнюю пазіцыю. Патрэбна, каб моладзь не зацыклівалася на нечым адным, патрэбна, каб яна думала.

«НН»: У тэлевізійных кабельных сетках Беларусі ўсе тэлеканалы выключна рускамоўныя. Вы лічыце, гэтага мала?

КА: Калі параўноўваць «Белсат» з расійскімі тэлеканаламі, што вяшчаюць у Беларусь, то розніца ў тым, што расійскія СМІ зробленыя ў першую чаргу для Расіі. А «Белсат» — для Беларусі. Рускія газеты не настолькі прапіяраны сярод моладзі. Трэба нешта альтэрнатыўнае, папулярнае сярод маладых беларусаў.

«НН»: Вы прапануеце, каб Расія больш укладвала грошай у Беларусь на грантаўскай аснове?

КА: Калі Расіяй хоча неяк уплываць на грамадскую думку ў нашай краіне, то без гэтага Расіі не справіцца ніяк. За нашу краіну цяпер ідзе барацьба між Захадам і Расіяй. Калі Расія будзе сядзець і нічога не рабіць, то ўсё скончыцца ўкраінскім сцэнаром. Трэба біць Захад яго ж зброяй.

«НН»: А чаму суполкі кшталту «Антымайдану» ў Беларусі такія непапулярныя?

КА: Мала піярацца. Пры добрым піяры вельмі многія б далучыліся. У нас у краіне шмат прарасійска настроенага насельніцтва. Мае знаёмыя нічога не ведаюць пра прарасійскія арганізацыі. Затое ўсе ведаюць пра празаходнія суполкі. У іх маленькая аўдыторыя не таму, што моладзь у нас мысліць выключна апазіцыйна, а проста таму, што інфармацыйную прастору захапілі празаходнія сілы. Я думаю, што гэта адбылося таму, што яны больш актыўныя, у іх працуе больш людзей, дзякуючы заходнім грантам. А вось прарасійскія групы працуюць на энтузіязме, ім няма часу займацца піярам.

«НН»: Беларускія ўлады не замінаюць распаўсюду прарасійскай інфармацыі?

КА: Я такога ніколі не чуў. З празаходнімі — так, былі перашкоды. Прарасійскія журналісты, СМІ, як правіла, вельмі добра настроены да дзейнай улады.

«НН»: У інтэрнэце дастаткова проста знайсці вашы вершы, у тым ліку пра Пагоню. «Наша Вялікае Княства Літоўскае, Шляхта заможная, Непераможная, Наша Пагоня Шлях абароніць. Шлях праз стагоддзі твой, Княства Літоўскае». Як яны суадносяцца з вашымі сённяшнімі поглядамі?

КА: Гэта ніяк паміж сабой не звязана. Творчасць ёсць творчасцю. Палітычныя погляды — асобна. Я ў сваіх вершах нічога палітычнага не пісаў, не ўсхваляў нейкую ідэалогію. Я лічу Пагоню сімвалам ВКЛ. Але я не лічу, што Беларусь — гэта не адзіная спадчынніца ВКЛ. Проста мне захацелася пра гэта напісаць. Можа быць, я пачуў нейкую песню пра Пагоню. Нават калі ў маіх вершах нешта было, што не суадносіцца з маімі сённяшнямі поглядамі, то гэта сведчанне таго, што людзі развіваюцца. Сапраўды, раней я быў больш празаходніх поглядаў, але пазней я стаў чытаць розныя кнігі, то я прыйшоў да высновы, што мы неадрыўная частка рускага свету, рускай цывілізацыі. Гэта ўсведамленне мне прыйшло не адразу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?