О! Добрая навіна, дарагі норчаты сацыёлаг-беларусавед! На беларускую рэдакцыю «Спутніка» абрынулася абвінавачанне ў «нацыяналізме». Ну, ціпа яны, кепска нясуць штандар цэнтральнай ячэйкі і асвятляюць усялякіх Вайцюшкевічаў і даюць слова ўсялякім вольскім, замест таго, каб цікавіцца, даколе рускі чалавек пам-пам-пам, і выкрываць белапалякаў і там, і тут.

І думаю я з гэтай нагоды — многае. Справа ў тым, што і мы і яны, змагары фэйсбучных франтоў, такія як бы жукі ў лужыне. А жук у лужыне мае адну спецыфіку барахтання. Памер лужыны для жука заўсёды загадкавы, неакрэслены. Пакуль яна не высахне ўшчэнт, ён упэўнены, што яе плошча не мяняецца, і рост лужыны для яго невідавочны. Карацей, мы ніколі не ведаем дакладна, колькі нас. Вось, дапусцім, умоўны дзермант махне грываю, напіша пра рускі касмізм, безумоўны дзіянаў паставіць яму трыццаць чатыры лайкі і 5 рэпостаў. Ва ўмоўнага дзерманта свята — небывалы рост папулярнасці. Плюс уся цытадэль з номасам па разнарадцы выканаюць свой доўг, лайкаць не радзей за раз на тыдзень. Оп!

— Шмат вас, Аляксей?

— Полчышчы!

Ці вось наадварот. Я нешта настрачу і выгрызу з нясквапных фрэндоў лайкі. І таксама парадуюся: не марна жыццё жыву.

Але па сутнасці каго больш? Стасікаў ці Аляксеяў? Не ясна. І не ясна да таго моманту, пакуль мы з Аляксеем не вырашым прадаваць сваю пісаніну шырокім народным масам. У мяне, напрыклад, газета будзе ўся такая дызайнерская. З пагоняй і арнаментам. «Апошняя беларуская газэта з рысункамі». З фоткамі, персанальна ухваленымі Гудзіліным і цытатай з Янкі Купалы ў шапцы. Буду пісаць пра Панкаўца і пра Шылу і пра футбол. Да мяне будуць прыходзіць у госці: Мацкевіч, Карач, Квяткоўскі, Глобус, Адамовіч… усе, хто мяне не любіць, — палюбяць мяне і прыйдуць. Я напішу назву лацінкаю і тарашкевіцай. У мяне будзе шмат інфаграфікі і час ад часу я буду пісаць «беларусы — яны». І тады вакол мяне ў экстатычных канвульсіях аб'яднаюцца рэдакцыя «Архэ», Куку і таварыства беларускай мовы!

А ў Дзерманта, напрыклад, такое суворае будзе выданне. Манахром, замест фотак коцікаў карты на санскрыце і літары ў выглядзе рун, каб ніхрана не прачытаць, і толькі «беларусьірасія» будзе ў адно слова, скорапісам і нават клінапісам і тут, і там.

У яго палову газеты будуць займаць спіс літаратуры і банеры партнёраў. І яшчэ чвэрць — біяграфія Дзерманта і водгукі сяброў. Водгукі сяброў будуць якім-небудзь гатычным шрыфтом, тыпу як у Бібліі Гутэнберга. І акрамя «беларусірасіі» у шапцы можна будзе можна будзе разабраць цытату з Валянціна Анціпенкі: «Ленін — это вам не!»

Да газеты будзе прыкладацца 37% зніжка на білет Мінск — Ніжні Ноўгарад на нон-стоп фестываль «Болдінская осень».

І вось мы сустрэнемся з Аляксеем у высакосны год, апоўначы на мосціку насупраць «Кемпінскага». І ён мне скажа: я даведаўся, Станіслаў, што твая газета прадаецца нашмат лепей, чым мая. А ў чым, с*ка ты такая, прычына? У цябе ж нават банераў партнёраў няма і нават цытата з Купалы — з памылкай.

І тут я яму адкажу:

— А ты калі уся заваруха вакол «Спутніка» адбывалася — чаму дзюбай пляскаў? Калі высветлілася, што беларуская рэдакцыя «Спутніка» настолькі ж ідэалагічна далёкая ад рускай, як і беларуская «Камсамолка» — ад расійскай? Трэба ж было падумаць, чаму так адбываецца? То бок, калі ты мэтанакіравана падбіраеш людзей, якім тлумачыш, што ў цябе за рэсурс і якія ў яго планы, якая пазіцыя і ўсё такое — то не можа ў цябе атрымацца мент замест пажарніка. У цябе павінен атрымацца яшчэ адзін «Спутнік і пагром», а не «КП-Беларусь».

А прычына ў тым, што высветлілася, што ім свой кантэнт тут няма каму прадаваць. Колькасць дэбілаў недастатковая для існавання рэдакцыі. Дэбілаў хапае для казацкага спаса там, для рускага патрыятычнага клуба, але не хапае для аудыторыі медыйнага рэсурсу. Ды і хто табе рэкламу прынясе, калі чытачы шнуркі не могуць завязаць, калі інтэрнацыянал раніцай не паслухаюць?

І дзякуй богу, — скажу я яму. Уяві сабе аудыторыю з дзесяці тысяч, напрыклад, улаховічаў? Якія люта каменцяць і рэпосцяць у аднакласнікі? А ўяві сабе іхні карпаратыў?

Вось і твае гатычныя клінапісы скорапісам ніхто не чытае і нават Дзіянаў учора табе лайк не адваліў, спужаўся, бо ужо паставіў 6665 штук.

Карацей, нацысты на Беларусі змаглі ўкамплектаваць паліцыю толькі ў 1942 годзе. Не хапала ахвотных. Прайшло 70 гадоў, і «Спутнік» нават ячэйку сваю не змог ідэйнымі ўкамплектаваць. Зноў застаецца ўпаваць на госпада. На госпада і танкі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру