AP

«Гэта канкрэтны выпадак, калі ўрад просіць аб доступе да інфармацыі. Яны не просяць пра нейкую агульную рэч, яны кажуць пра канкрэтны выпадак», — сказаў Гейтс у інтэрв'ю Financial Times.

Запыт пра ўзлом прылады Apple нічым не адрозніваецца ад, напрыклад, запыту пра інфармацыю ад тэлефоннай кампаніі або банка, лічыць Гейтс: «Давайце ўявім, што банк заклеіў дыскавод і сказаў: «Не прымушайце мяне адклейваць стужку, бо тады вы прымусіце мяне рабіць гэта шмат разоў».

Пазіцыя Гейтса ідзе насуперак з пунктам гледжання іншых высокатэхналагічных кампаній, падкрэслівае FT. Так, на бок Apple раней ужо ўсталі Facebook, Twitter, WhatsApp і Google.

Рашэнне аб тым, што Apple павінна дапамагчы ФБР узламаць тэлефон Саеда Фарука, які ўдзельнічаў у тэракце ў каліфарнійскім Сан-Бернардына, прыняў акруговы суд Лос-Анджэлеса. У адказ кіраўнік Apple Цім Кук сказаў, што запыт пагражае бяспецы кліентаў, а яго наступствы «знаходзяцца далёка за рамкамі прававога поля». Кампанія адмовілася выконваць рашэнне суда і вырашыла падаць на яго апеляцыю.

«Урад папрасіў Apple ўзламаць нашых уласных карыстальнікаў і падарваць дзесяцігоддзі працы над сістэмай абароны кліентаў, у тым ліку амерыканскіх грамадзян, ад вынаходлівых хакераў і кіберзлачынцаў», — заявіў Кук.

Apple таксама заклікала стварыць урадавую камісію або экспертную групу, якая разгледзела б пытанне ўплыву спрэчкі з ФБР на нацыянальную бяспеку і асабістыя свабоды.

Атака ў Сан-Бернардына адбылася 2 снежня, пасля яе прызналі тэрактам. Саед Рызван Фарук і яго жонка Ташфін Малік адкрылі агонь у цэнтры для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, у выніку страляніны загінулі 14 чалавек, 22 параненыя.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?