Савет міністраў змяніў парадак рэгістрацыі замежнай бязвыплатнай дапамогі, паведамляе прэс-служба ўрада.

Пастановай ад 19 лютага 2016 года № 140 унесеныя змяненні і дапаўненні ў адзіны пералік адміністрацыйных працэдур, што ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі ў адносінах да юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, зацверджаны пастановай Саўміна ад 17 лютага 2012 года № 156.

У прыватнасці ў новай рэдакцыі выкладзеныя адміністрацыйныя працэдуры, якія тычацца рэгістрацыі замежнай бязвыплатнай дапамогі, што паступіла ў выглядзе грашовых сродкаў або тавараў (маёмасці). У дачыненні да гэтых працэдур ўдакладнены пералік дакументаў, якія зацікаўленыя асобы павінны падаць ва ўпаўнаважаны орган. Скарочаныя тэрміны ажыццяўлення працэдур.

Акрамя таго, пералік дапоўнены новай адміністрацыйнай працэдурай: рэгістрацыя замежнай бязвыплатнай дапамогі, якая паступіла для рэалізацыі гуманітарных праграм. Гэтая працэдура ажыццяўляецца дэпартаментам па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта бясплатна ў 10-дзённы тэрмін пры ўмове падавання адпаведных дакументаў.

Дакументам таксама ўнесеныя змяненні і дапаўненні ў шэраг адміністрацыйных працэдур у сферы дзяржрэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю.

Новаўвядзенні ўвойдуць у сілу 4 сакавіка 2016 года.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?