У інтэрнэце з’явілася відэа, дзе бачна, як беларускі баец батальёна АУН Васіль Парфянкоў распраўляецца з вазонам спатыфілумам у офісе «Альфа-банка» ў Кіеве. Глядзець ад 0:35.

Парфянкоў арыштаваны па крымінальнай справе за хуліганства, яму пагражае да 4 гадоў турмы.

Парфянкоў пераехаў ва Украіну і ўступіў там у Добраахвотніцкі корпус АУН («Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў»). Нядаўна ён атрымаў дазвол на жыхарства ва Украіне.

Яго камандзір Мікола Каханоўскі сказаў радыё «Свабода»: «Васіль не зрабіў ніякага разбою, ён дзейнічаў паводле ўказання свайго камандзіра, гэта значыць мяне. Я ўзяў на сябе адказнасць за гэтую акцыю».

Групоўка АУН публічна абвясціла ў Кіеве «акцыю па знішчэнні расійскага бізнэсу».

На мінулых выхадных байцы атрада «пабілі» офіс Рыната Ахметава, разграмілі офіс расійскага «Альфа-банка» і пабілі вітрыны ў офісе «Сбербанка России».

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў напады на офісы правакацыяй.

Расійскія СМІ зрабілі гэтыя здарэнні галоўнай тэмай сваіх выпускаў на гэтых выхадных.

Васіль Парфянкоў — першы, каго затрымалі ў сувязі з пагромамі.

Цяпер Парфянкоў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Кіеве. Папярэдне яго абвінавачваюць па артыкуле 296 ч.2 крымінальнага кодэксу Украіны «Хуліганства». Паводле гэтага артыкулу, Парфянкову можа пагражаць да чатырох гадоў зняволення.

Батальён АУН выступіў з заявай, што лічыць справу палітычна матываванай і заклікае да неадкладнага вызвалення Парфянкова. У батальёне кажуць, што акцыя накіраваная «на знішчэнне расійскага бізнэсу, супраць установаў, што зарабляюць грошы на крыві ўкраінцаў».

«Такім спосабам мы абвясцілі пратэст супраць гэтых устаноў, якія зарабляюць грошы на крыві ўкраінцаў. Атрымліваецца, што мы ваюем з Расіяй, а Расія ў нас тут зарабляе грошы», — кажа Каханоўскі.

Заўтра ў Шаўчэнкаўскім судзе Кіеве мае адбыцца суд, які вызначыць меру стрымання Васілю Парфянкову.

Больш за год Парфянкоў знаходзіцца ва Украіне, дзе браў удзел у баявых дзеяннях. Быў паранены ў нагу, доўгі час лячыўся. Меў пазыўны «Сябра».

У Беларусі Парфянкоў арыштоўваўся за ўдзел у падзеях на Плошчы ў 2010-м. Пазней яго таксама накіроўвалі на прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

У інтэрнэце распаўсюджваецца іншы кадр з разгрому. На ім, імаверна, зафіксаваны іншы беларус, што паехаў ваяваць ва Украіну — Эдуард Лобаў.

Ён пакуль не адказаў на запыт «Нашай Нівы» пра каментар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?